Лукашэнка прызначыў камандуючага ўнутранымі войскамі

15/10/2019 - 10:41

Аляксандр Лукашэнка прызначыў камандуючага ўнутранымі войскамі, намесніка міністра ўнутраных спраў. Ім стаў Юрый Назаранка, які апошнія паўтара года кіраваў штабам Службы бяспекі прэзідэнта.

Як інфармуе БЕЛТА, Назаранку 43 гады. Ён — ураджэнец Слоніма. Скончыў вайсковую акадэмію, служыў ва ўнутраных войсках (з 1997-га — у в/ч 3214, з 2009-га — у Брэсце). У 2010-2014 гадах — у Службе бяспекі прэзідэнта. У 2014-м стаў камандзірам Спецыяльнага атрада хуткага рэагавання в/ч 3214, а з лютага 2016 года — камандзірам САХР 3-й асобнай брыгады спецпрызначэння ўнутраных войскаў.  У СБП Юрый Назаранка вярнуўся ў пачатку вясны мінулага года.

Падчас прызначэння Лукашэнка адзначыў падрыхтаванасць САХР, якім раней камандаваў Назаранка. "Гэта вельмі падрыхтаваны атрад, — гаварыў кіраўнік дзяржавы. — Я добра гэта ведаю, таму што прымаў актыўны ўдзел у яго фармаванні, калі ён толькі зараджаўся".

"Тое, што вы не кіравалі злучэннямі, не думаю, што гэта вялікі недахоп,цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — Вам не трэба будзе франтамі кіраваць — вам трэба будзе забяспечыць парадак у краіне. Пры неабходнасці, калі давядзецца задзейнічаць нашы ўнутраныя войскі... Не дай бог што, мы, людзі ў пагонах, усе пойдзем на фронт, калі пагроза будзе звонку".

Пасада камандуючага ўнутранымі войскамі стала вакантнай у чэрвені 2019-га, калі Юрый Караеў быў прызначаны міністрам унутраных спраў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі