Лукашэнка прапанаваў адпраўляць студэнтаў у войска на летніх канікулах

19/10/2018 - 14:31
Фота: obrazovanie.by

У пятніцу 19 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са студэнтамі ВНУ Гродна. Падчас размовы ён распавёў, які бачыць спосаб барацьбы з ухілістамі ад тэрміновай ваеннай службы.

"Адкосіш ад арміі — потым не ведаю, з кім ты ажэнішся, — цытуе словы кіраўніка дзяржавы БЕЛТА. — Сёння дзяўчынка хоча, каб побач з ёю быў мужык, а не проста нехта там у штанах хадзіў. І таму зараз я думаю: а як хлопцаў, якія паступілі ў ВНУ, падрыхтаваць і зрабіць мужыкамі? Мы ж ім адтэрміноўку даём, а потым ім пасля таго, як скончаць ВНУ, ужо не хочацца служыць, яны шукаюць розныя спосабы...".

Лукашэнка лічыць, што адпраўляць вучняў у армію можна на пару месяцаў падчас летніх канікул. На яго думку, так пасля першага курса яны змаглі б атрымаць пачатковую ваенную падрыхтоўку, пасля другога — ужо асвоіць ваенную спецыяльнасць. Далей можна працягваць вайсковыя зборы. У выніку маладыя людзі, не адрываючыся ад вучобы, фактычна пабываюць у арміі.

Кіраўнік дзяржавы дадаў: "Пасля заканчэння ВНУ, калі ён ужо панюхае гэты порах, ён будзе добрым спецыялістам. Ён атрымлівае афіцэрскае званне і дзесьці яшчэ з тры месяцы пасля ВНУ служыць як афіцэр, рыхтуе моладзь і гэтак далей". Ён лічыць, што ў такой кампактнай краіне, як Беларусь, рэалізаваць гэта не праблема.

Заўважым, што ён звярнуў увагу, што гэта толькі варыянт магчымых спосабаў вырашэння праблемы, звязанай з ухіленнем ад тэрміновай службы. У цяперашні час прымаць такое рашэнне не плануецца.

"Але мужык павінен умець размаўляць са зброяй, — падкрэсліў Лукашэнка. — У адваротным выпадку, ён не зможа абараніць сваю сям'ю, сваіх дзіця, жонку, маці. Гэта ж наша функцыя — абараняць і памерці дзеля жанчыны. Так было заўсёды".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі