Лукашэнка пакатаўся па МКАД на аўтобусе як пасажыр

24/05/2019 - 12:28
president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка 24 траўня з'ездзіў на Мінскую кальцавую аўтадарогу, каб паглядзець, як праходзіць добраўпарадкаванне тэрыторыі ўздоўж МКАД. Кіраўніку дзяржавы заадно паказалі аўтобусы МАЗ і "Нёман", якія будуць выкарыстоўвацца падчас II Еўрапейскіх гульняў. Лукашэнка пракаціўся з чыноўнікамі на аўтобусе па МКАД у якасці пасажыра і высока ацаніў падрыхтоўку да свайго візіту.

"Павінен сказаць, што за суткі вы больш зрабілі, чым за год. Гэта сведчыць аб тым, што трэба прыязджаць і глядзець, і не толькі мне. За суткі і абкасілі, і выраўнялі, і паліваюць. Так трэба і працаваць", — сказаў кіраўнік Беларусі.

Падчас паездкі Лукашэнка запатрабаваў больш прадумана падыходзіць да азелянення тэрыторый уздоўж МКАД: высаджваць на развязках і адхонах не толькі дрэвы, але і хмызнякі, забудоўваць пустыя тэрыторыі крамамі, запраўкамі і інш.

Кіраўнік дзяржавы даў чыноўнікам год, каб вызначыцца з планамі забудовы тэрыторый уздоўж МКАД. "Рабіце самі. Калі ўжо ўзгадніць трэба, то адным лістом узгаднілі і ўсё. Каб вы самі маглі прыводзіць гэта ў парадак так, як мы з вамі дамовіліся. Але і лічыце грошы", — падкрэсліў Лукашэнка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі