Лукашэнка на Савеце ШАС: Няпэўнасць стала новай “нармальнасцю”

10/06/2018 - 08:31

Беларусь гатовая да пашырэння супрацоўніцтва ў Вялікай Еўразіі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 чэрвеня, выступаючы на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаваў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў Ціндао. Як перадае прэс-служба кіраўніка Беларусі, ён адзначыў, што ва ўмовах цяперашніх глабальных геапалітычных і эканамічных трансфармацыяў супярэчнасці паміж дзяржавамі набываюць усё вастрэйшую форму. Няпэўнасць стала новай “нармальнасцю”.

Лукашэнка заявіў, што Беларусь бачыць у ШАС арганізацыю, якая можа зрабіць унёсак у захаванне бяспекі, абарону міжнародных нормаў і “перамогу здаровага сэнсу ў міждзяржаўных адносінах”. Ён таксама выказаўся пра новыя хвалі пратэкцыянізму ў сусветным гандлі, праз якія з’яўляецца пагроза гандлёвых войнаў. На думку Лукашэнкі, вельмі актуальнае прыняцце сумесных захадаў, скіраваных на ўмацаванне сусветнай гандлёвай сістэмы.

“На гэтым шляху ў рамках плана сумесных дзеянняў ужо зроблены першы важны крок па стыкоўцы нацыянальных стратэгіяў развіцця, а таксама па злучэнні ЕАЭС з ініцыятывай “Паясы і шляхі”. Беларусь як краіна-ініцыятар і прыхільнік ідэі “інтэграцыі інтэграцыяў” гатовая спрыяць выяўленню новых кропак судакранання і пашырэнню кірункаў супрацоўніцтва ў Вялікай Еўразіі”, — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго словаў, у Беларусі дасягненню такіх мэтаў спрыяе рэалізацыя праекта “Вялікі камень”, які прыцягвае ўсё большую ўвагу замежных кампаніяў.

Апроч таго, Лукашэнка выказаўся па іншых аспектах эканамічнага супрацоўніцтва ў рамках ШАС і заявіў пра неабходнасць кантролю за мірным выкарыстаннем атамнай энергіі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі