Лукашэнка: Можа, мы дапусцілі пралікі ў антынаркатычным заканадаўстве

22/05/2018 - 10:46

Адказнасць спажыўцоў і пастаўшчыкоў наркотыкаў за ўчыненыя злачынствы мусіць быць строга дыферэнцыяваная. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 траўня, прымаючы з дакладам міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Кіраўнік Беларусі пацікавіўся крымінагеннай абстаноўкай у краіне, асаблівую ўвагу звярнуў на барацьбу з распаўсюдам наркотыкаў, паведамляе яго прэс-служба.

"Можа, мы дзесьці дапусцілі пралікі або памылкі пры прыняцці адпаведнага заканадаўства. Я тады настойваў на ўзмацненні заканадаўства асабліва да тых, хто вырабляе і пастаўляе, прадае сюды наркотыкі. Нам трэба строга дыферэнцыяваць спажыўцоў і пастаўшчыкоў", — запатрабаваў Лукашэнка.

Як паведамлялася раней, змякчэння наркатычнага заканадаўства патрабуе рух "Маці 328". У ім аб'ядналіся маці людзей, асуджаных па "наркатычным" 328-м артыкуле Крымінальнага кодэксу. Некалькі маці з гэтага руху ладзілі галадоўку, патрабуючы змякчэння заканадаўства і сустрэчы з кіраўніком Беларусі. 

Па словах Шуневіча, крымінагенная сітуацыя ў краіне характарызуецца зніжэннем зарэгістраваных злачынстваў і здарэнняў. "Мяркую, што мы дасягнулі таго ўзроўню ў арганізацыі барацьбы са злачыннасцю, які дазваляе ацаніць рэальны стан спраў у краіне ў гэтай частцы і адэкватна рэагаваць на ўсе выклікі і пагрозы, якія нясе ў сабе гэты сацыяльны феномен", — адрапартаваў міністр.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі