Ложак у хостэле ў Лідзе за $40: перад фэстам LIDBEER узляцелі кошты на жыллё

03/09/2018 - 08:24

Да фестывалю LIDBEER 2018, які пройдзе ў Лідзе 8 верасня, застаецца тыдзень. Пакуль арганізатары фэста вырашаюць апошнія пытанні, а фанаты піва і музыкі набываюць апошнія квіткі, уласнікі лідскіх гасцініц, хостэлаў і арэндных кватэраў рыхтуюцца падлічваць свой прыбытак.

Што з гатэлямі?

Пад выглядам звычайных наведнікаў Еўрарадыё паспрабавала патэлефанаваць у мясцовыя гатэлі. Вынікі аказаліся прадказальнымі.

Нічога няма ўвогуле. Усё па нулях. Месцы разабралі досыць даўно. Некаторыя з мінулага году браніравалі, некаторыя некалькі месяцаў таму, —  распавялі нам у дзяржаўнай гасцініце. — Так што нічога няма, выбачайце”.

На рэсэпшэне прыватнага гатэля сказалі амаль тое ж самае:

Нумароў у нас няма ўжо даўно, вы досыць моцна спазніліся. Месяц — дакладна. Мне вось зараз падказваюць, што яшчэ ўзімку пайшла бронь”.

У мясцовым хостэле таксама ўсё разабрана. Ды па якіх коштах!

Нічога не засталося на гэтыя даты. Можаце нават зайсці на наш сайт і паглядзець, — адказваюць там. — На даты правядзення “Лідбіру” ў нас была ўключана перадаплата у памеры 50%, а агульны кошт складаў 80 рублёў на аднаго чалавека”.

У звычайныя дні той жа хостэл прапаноўвае ложкі па 20 рублёў за суткі. А тут у 4 разы даражэй — і ўсё аказалася разабрана.

Фота: VP.BY

А прыватныя кватэры?

Тут сітуацыя не вельмі адрозніваецца. Большасць уласнікаў кватэр, якія здаюцца на суткі, толькі пачуўшы патрэбныя нам даты, адразу ж казалі, што нічога не будзе, і ўжо наўрад ці можна будзе знайсці хоць нешта.

Па адным з нумароў на старонцы прыватных аб’яў адказалі:

Не, у мяне ўжо забраніравана. Не ведаю, ці можна нешта знайсці ўвогуле. Але паспрабуйце можа пашукаць сярод аб’яў з доўгатэрміновай арэндай. Там, магчыма, атрымаецца дамовіцца з гаспадарамі. Але менавіта я нічым не магу дапамагчы. Выбачайце”.

Але агулам, толькі пачуўшы даты ці магічнае слова “лідбір”, гаспадары нават не давалі скончыць фразу. Напрыклад, так:

Не-не-не, няма нічога. Усё занята. І нікога, і нічога не падкажу. Ужо бессэнсоўна хоць нешта шукаць, па 50 званкоў на дзень ідзе, усе ўсё паздавалі. Можа і знайдзеце кагосьці, але па вельмі велізарных коштах. Вельмі”.

Адзін з гаспадароў таксама сказаў, што месцаў аніякіх ужо няма, а ён раней здаў ужо за 100 долараў на два дні.

Калі спрабаваць знайсці яшчэ хоць нейкія варыянты сярод аб’яў, то можна натыкнуцца нават на досыць смелую прапанову, дзе звычайную двухпакаёку здаюць менавіта пад “Лідбір” і за… 100 долараў. Пры гэтым, у звычайныя дні за тое, каб зняць якую-небудзь двухпакаёвую кватэру, давядзецца заплаціць не больш за 30 рублёў.

 

Фота: 015.by

А можна і з намётам!

Арганізатары фэста, у сваю чаргу, прапаноўваюць іншы варыянт — спыніцца ў спецыяльна адгароджаным намётавым лагеры, прычым бясплатна. Лагер пачне сваю працу ўжо 7 верасня пасля 15:00, а з’ехаць трэба будзе не пазней за 15 гадзін 9 верасня, на наступны пасля фэсту дзень.

Калі ва ў вас няма сваёй турыстычнай экіпіроўкі — усё можна арандаваць на месцы. Так, за намёт на два месцы давядзецца заплаціць 14 рублёў, за спальны мяшок — 5 рублёў, а за мангал ды шампуры з вас возьмуць 12 рублёў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі