Літва хоча ад Беларусі тлумачэнняў наконт магчымай аварыі на Астравецкай АЭС

05/05/2016 - 12:39

Міністэрства замежных спраў Літвы ўручыла ноту амбасадару Беларусі наконт магчымага інцыдэнту на Асатравецкай АЭС, размешчанай за 50 км ад Вільні. Пра гэта 5 траўня журналістам паведаміў кіраўнік літоўскай дыпламатыі Лінас Лінкявічус.

"Мы адразу ж, як толькі атрымалі гэтую інфармацыю з нефармальных крыніц, сталі прымаць меры. А сёння ў міністэрства быў выкліканы пасол Беларусі, якому была ўручаная нота з патрабаваннем тлумачэнняў гэтага інцыдэнту або аварыі", — перадае ru.delfi.lt словы літоўскага міністра.

Перад гэтым тэлеканал "Белсат" паведаміў, што ў сярэдзіне красавіка на будаўніцтве Астравецкай АЭС нібыта адбылася аварыя: абвалілася частка апорнай канструкцыі будучага будынка кантролю ядзернай бяспекі. Незалежным беларускім журналістам пра гэта распавёў работнік адной з арганізацый Пінска, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве АЭС. Ён дадаў, што гэта не першы інцыдэнт на будаўніцтве, але адказнасць за іх пакуль ні на каго не ўскладзеная.

Прадстаўнікі Астравецкай АЭС гэтую інфармацыю абверглі. Амбасада Беларусі ў Вільні паведаміла літоўскім журналістам, што не валодае ніякай інфармацыяй пра такі інцыдэнт. Разам з тым беларускія дыпламаты спаслаліся на паведамленні ў беларускіх СМІ, дзе прадстаўнік электрастанцыі абвяргае звесткі пра аварыю.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі