Дысідэнт Томас Вянцлава пра Курапаты: "Знішчэнне 70 крыжоў — цынічны ўчынак"

08/04/2019 - 10:08
Томас Вянцлава на сустрэчы з мінскімі чытачамі / Марыя Вайтовіч, Еўрарадыё

Курапаты наведаў літоўскі публіцыст, паэт, перакладчык і дысідэнт Томас Вянцлава. Літаратар распавёў Еўрарадыё, што навіна пра знос крыжоў была першай, якую ён пачуў, прыляцеўшы з Вільні ў Мінск на фестываль інтэлектуальнай кнігі Pradmova. Ва ўрочышчы разам з літоўскімі дыпламатамі ён пакланіўся ахвярам сталінскіх рэпрэсій, усклаў кветкі і запаліў свечкі.

"У Курапатах адбылося агіднасць, знішчэнне сямідзесяці крыжоў — гэта цынічны ўчынак, — лічыць Томас Вянцлава. — Там знаходзяцца не толькі беларускія магілы. Там пахаваныя літоўцы, латышы, эстонцы, палякі і іншыя. Так што савецкая ўлада не вельмі разбіралася ў нацыянальнасцях, яна пад корань знішчала людзей усіх нацыянальнасцяў".

Паэт ўспомніў, што пятнаццаць гадоў таму бачыў устаноўленыя на "Галгофе" ва ўрочышчы каталіцкі, праваслаўны і ўніяцкі крыжы.

"Яны стаяць там да гэтага часу. Тое, што я зноў пакланіўся ім, лічу вельмі важным момантам свайго жыцця, — кажа Томас Вянцлава. — Тое, што адбывалася ў Курапатах у 1930-х гадах, гэта жахлівы таталітарызм, гэта такое ж злачынства, як гітлераўскія злачынствы. Пра гэта трэба ведаць, казаць, памятаць. Кажуць, памятаць трэба, каб такое не паўтарылася, але не толькі. Проста тыя людзі, якія загінулі, заслугоўваюць вечнай памяці".

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі