Кватэрнае пытанне: дэпутат Масгардумы судзіцца з пенсіянеркай за хатку ў Мінску

28/04/2018 - 07:33

Кватэрнае пытанне сапсавала не толькі масквічоў. Гэтую тэзу на сваім досведзе правярае мінская пенсіянерка і ветэран працы Тамара Ганчарэўская. З пачатку красавіка яна судзіцца за хатку на вуліцы Светлай у Мінску... з дэпутатам Маскоўскай гарадской думы, буйным бізнесменам Аляксандрам Міляўскім.

 

Аляксандр Міляўскі нарадзіўся ў 1963 годзе ў Мінску ў сям’і інжынераў. Пасля школы працаваў электрыкам на Трактарным заводзе, тэхнікам на кінастудыі. З 1997 па 2005 быў прэзідэнтам маскоўскага тэлезавода "Рубін", на тэрыторыі якога з’явіўся знакаміты рынак “Гарбушка”. З 2005 года — дэпутат Маскоўскай гарадской думы. Курыруе пытанні горадабудаўніцтва і барацьбы з пірацтвам. У 2012 годзе Forbes уключыў Міляўскага ў топ-10 самых заможных чыноўнікаў Масквы. 

“Грамадзянскае пытанне вырашаецца праз крымінальны пераслед”


Дом, вакол якога закруцілася гэтая гісторыя, пабудаваны ў 1952 годзе. У 1994 яго частку набыў Аляксандр Міляўскі. Бізнесмен вырас недалёка ад Севастопальскага парка, на вуліцы Кедышкі — магчыма, менавіта гэтым і тлумачыцца выбар. 


Уласніцай другой часткі дома ў 2007 годзе стала Тамара Ганчарэўская — яна атрымала яе ў спадчыну ад сваякоў. У 2013 годзе пенсіянерка перапісала жыллё на дачку Кацярыну Кашынскую. 

Ніякага сваяцтва паміж цяпершнімі ўласнікамі дома няма. Кацярына кажа, што прапаноўвала Міляўскаму выкупіць яго частку, але той не пагаджаецца.


"Па дакументах Агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры гэта аднакватэрны дом, хаця тэхнічна там ёсць магчымасць адлучыць дзве кватэры, — тлумачыць Еўрарадыё Кацярына. — Але там не вызначаны парадак карыстання. Мы спадзяваліся, што вызначым з Міляўскім юрыдычна адлучым і аформім дзве кватэры, і будзем жыць, як людзі. Але, відаць, яму гэта не цікава, таму ён падае крымінальныя іскі, нібыта нехта некуды пранік без дазволу. Артыкул 202 Крымінальнага кодэкса — "Незаконнае пранікненне насуперак волі уладальнікаў". То бок, абсалютна грамадзянскае пытанне аб устанаўленні парадку карыстання Міляўскі вырашае праз крымінальны пераслед". 

“Калі парадак карыстання домам не вызначаны — можаце карыстацца ўсім домам”


У тэхпашпарце будынку напісана, што спрэчны дом — “аднакватэрны, блакаваны”, на наступнай старонцы пазначана, што ў доме два ізаляваныя памяшканні (кватэры). З плана бачна, што дзве часткі дома (кожная — з чатырох жылых пакояў) адгароджаныя капітальнай перагародкай. 

 

“Калі парадак карыстання домам не вызначаны, то так, вы можаце карыстацца ўсім домам, бо ваша доля тычыцца ўсяго дома”, — распавядаюць Еўрарадыё ў Мінскім гарадскім агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.

 
У агенцтве дадаюць, што, каб вызначыць парадак карыстання і фармальна стаць уласнікамі асобных кватэр у падобным доме, людзі мусяць прыйсці з тэхнічным пашпартам, папярэдне дамовіўшчыся, што і каму належыць. Калі няма перапланіровак, інжынер складае праект адлучэння. Паміж уласнікамі будзе заключаная адпаведная дамова. Пасля рыхтуюцца два тэхнічныя пашпарты, і аб’екты робяцца асобнымі. “Тады вы будзеце валодаць канкрэтнай кватэрай, а не доляй у доме”, — працягваюць у агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры.

“Прыбралі перагародку, усяліліся ў нашу палову дома і жывуць”


Памочнік Аляксандра Міляўскага, Максім Душкоў у размове з Еўрарадыё сцвярджае, што Тамара Ганчарэўская на пяць гадоў літаральна захапіла чужую частку дома. Перад тым Ганчарэўская і Кашынская праз суд выселілі адтуль кватарантаў, якім Міляўскі здаў жыллё яшчэ на пачатку 2000-х. Па яго словах, пытанне спрабавалі вырашыць “мірным шляхам”, але жанчыны ў адказ на просьбу перабрацца ў сваю частку дома самі параілі вырашаць пытанне ў судзе. 


“У доме, які меў капітальную перагародку, цягам 14-ці гадоў пражывалі нашы кватаранты. У іх там нарадзілася дзіця. Пасля таго, як кватарантаў выселілі па судзе, Кашынская з маці прыбралі перагародку, фактычна ўсяліліся ў нашу палову дома, і жывуць, — распавядае Еўрарадыё Душкоў. — Шэф далёка. Ён жа не ведае гэтых абставін. Жанчыны нас на ганак не пускалі. У жніўні 2017 года мы ўручылі ім апошняе папярэджанне, каб да 1 кастрычніка вызвалілі нашу палову. Але яны сказалі, што нічога вызваляць не будуць, і параілі звянуцца ў суд. Мы гэта і зрабілі!”


Давераныя асобы бізнесоўца кажуць, што па іх заявах у скандальны дом прыходзіла дзве праверкі з міліцыяй і прадстаўнікамі камітэта па архітэктуры. Яны зафіксавалі, што перагародкі, якая мусіць быць па дакументах, у доме няма. 

 

Але, па словах Максіма Душкова, жыхары дома выправілі парушэнне і аспрэчылі высновы праверак у пракуратуры, якая правяла сваю праверку, не знайшла ранейшых парушэнняў і адмовіла ў распачынанні крымінальнай справы. 

 

"Міляўскі лічыць, што на яго частку пранікла Ганчарэўская. У гэтым яго асноўная прэтэнзія. Але справа ў тым, што ўвесь дом, кожны квадратны сантыметр належыць нам абодвум, — падкрэслівае Кацярына Кашынская.

 

“Паўтара года мы спрабавалі вырашыць пытанне мірна”


Дэпутат пайшоў на прынцып і ўсё ж вырашыў звяртацца ў суд. “Уявіце, што ў вас ёсць кватэра. Вы там не жывяце, у вас, магчыма, шмат грошай, і яна вам не патрэбная. Але нейкія суседзі праламілі дзверы, усяліліся. Як вы на гэта адрэагуеце? — скардзіцца Душкоў. — Паўтара года мы спрабавалі вырашыць пытанне мірна. Паверце, калі б нас пусцілі ў дом, мы б селі, усё абгаварылі, вызначыліся з парадкам карыстання”.


12 красавіка адбылося пасяджэнне суда Першамайскага раёна Мінска. Абодва бакі настойваюць, што прапаноўвалі суседзям памірыцца і разабрацца з маёмасцю. Суддзя прыняла бок Тамары Ганчарэўскай.

 
“Дагэтуль было дзве праверкі, цяпер суд. Наш суд, ён апынуўся вельмі справядлівым, — кажа Кацярына. — Мы некалькі разоў, у тым ліку і на судзе, прапаноўвалі Міляўскаму і яго адвакату прымірыцца. Але ён не пагаджаецца”. 


Душкоў працэсам незадаволены:

“Суддзя запрасіла адвакатаў, а таксама Ганчарэўскую і Кашынскую. Усе астатнія засталіся ў калідоры. Там прасядзелі тры гадзіны — але ў той дзень суддзя не вынесла рашэнне. А на наступны дзень мы даведаліся, што ў распачынанні справы адмоўлена. Мы не згодныя і падалі касацыйную скаргу. Гэта не завяршэнне працэсу”.   


29 траўня Тамару Ганчарэўскую зноў запрашаюць у суд. Да прэтэнзіі за незаконнае пранікненне дадаліся абвінавачанні ў паклёпе — менавіта так каманда Міляўскага расцаніла зварот Кацярыны Кашынскай да Еўрарадыё. 


Еўрарадыё працягне сачыць за сітуацыяй.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі