Курдская сям'я спрабуе трапіць у Германію дзеля сына, які страціў ногі

06/12/2021 - 14:50
У Тамана — справа — няма абедзвюх ног​ / агентство Rudaw

Сям'я курдаў спрабуе трапіць у Еўропу, каб атрымаць лячэнне для васьмігадовага сына, піша курдскае агенцтва Rudaw. У дзіцяці няма абедзвюх ног, мяняць пратэзы трэба часта — бо хлопчык расце. А гэта дорага, тлумачыць яго бацька. У Германіі сям'я спадзяецца займець падтрымку.

У Тамана была прыроджаная праблема галёнкаступнёвага сустава. Яго бацька Джавад кажа, што да нараджэння сына ў сям'і было даволі забяспечанае жыццё. Але ён вымушаны быў амаль усё прадаць.

На медыцынскую дапамогу маленькаму Таману пайшло 50 тысяч долараў, але эфекту лячэнне не дало, дзіцяці ампутавалі абедзве нагі. Пратэзы трэба мяняць кожныя восем месяцаў, гэта дорага: па словах Джавада, на такую аперацыю трэба 6 тысяч долараў. Курдскі ўрад не вылучае на гэта грошай.

"Да нараджэння Тамана я меў дом і машыну. Пасля яго нараджэння мы прадалі дом і машыну і выдаткавалі ўсе грошы, якія ў нас былі", — кажа ён.

Сям'я спадзяецца трапіць у Германію, дзе, яны ўпэўненыя, дзіця зможа атрымаць якаснае лячэнне бясплатна. Джавад тройчы звяртаўся па візу, прыкладаючы медыцынскія дакументы сына, але тройчы атрымліваў у амбасадзе адмову.

З 2015 года Джавад разам з сям'ёй спрабуе трапіць у Германію, выкарыстоўваючы як легальныя, так і нелегальныя спосабы.

"Гэта была мая апошняя спроба як бацькі, які стараецца для сваіх дзяцей. У мяне больш няма энергіі. Прычына нашых спробаў эміграваць у Еўропу заключаецца ў тым, што Таману цяпер восем гадоў, але як асоба з асаблівымі патрэбамі ён не атрымаў ні гроша [ад курдскага ўрада]. Яго пратэзы ног трэба мяняць кожныя восем месяцаў, а гэта каштуе каля 6000 долараў кожны раз.

Калі мы дабяромся да такой краіны, як Германія, пратэзы ног Тамана можна будзе бясплатна замяніць, і там ён зможа атрымаць больш якаснае абслугоўванне, а таксама лепшую адукацыю", — расказвае бацька дзіцяці.
 

Дарога да мяжы

Джавад, яго жонка і трое дзяцей прыляцелі ў Беларусь 28 кастрычніка. Дзве ночы яны правялі ў Мінску, а пасля адправіліся ў лес на беларуска-польскай мяжы. У пачатку лістапада іх перамясцілі ў лагістычны цэнтр, дзе яны застаюцца і цяпер.

Праз праблемы з нагамі з хлопчыка здзекаваліся аднакласнікі ў Курдыстане. У лагеры ў лагістычным цэнтры, дзе сям'я жыве цяпер, з дзіцяці таксама кпяць, кажа бацька Тамана. Ён спадзяецца, што ў Германіі грамадства больш інклюзіўнае. Сям'я баіцца, што іх адправяць назад дадому, дзе ўсё давядзецца пачынаць з нуля.

"Многія людзі з Курдыстана звяртаюцца па медыцынскую дапамогу ў суседнія і заходнія краіны праз перагружанасць унутранага сектара аховы здароўя", — піша выданне.

Агенцтва Rudaw, якое пераказвае гісторыю гэтай сям'і, тлумачыць эканамічную сітуацыю, у якой знаходзіцца Іракскі Курдыстан. З 2014 года людзі тут сутыкаюцца з эканамічным крызісам. Галоўным чынам яго прычына — вайна з Ісламскай дзяржавай, а таксама рэзкае зніжэнне цэн на нафту. Праз гэта Ірак скараціў выплаты Курдыстану.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі