Крысціна Ціманоўская ляціць у Польшчу праз Вену, паведамляе @dw_belarus. У апошні момант у аэрапорце ў Токіа, незадоўга да пасадкі на рэйс да Варшавы, беларуская спартсменка перасела на рэйс Austrian Airlines у Аўстрыю. Па непацверджаных даных, такое рашэнне прынялі супрацоўнікі польскага пасольства, якія суправаджалі Ціманоўскую, паколькі тым жа рэйсам у Польшчу збіраліся ляцець некалькі замежных журналістаў.
Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Пшыдач напісаў у Twitter, што Крысціна Ціманоўская знаходзіцца пад апекай польскай дыпламатычнай службы, а "падрабязнасці аб маршруце палёту" не паведамляюцца "з меркаванняў бяспекі".
Лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская ў апошнія дні знаходзіцца ў цэнтры ўвагі сусветных СМІ. Кіраўніцтва алімпійскай зборнай Беларусі з-за крытычнага выказвання Ціманоўскай адхіліла яе ад Алімпіяды і паспрабавала адправіць на радзіму. Ёсць аўдыёзапісы, на якіх на спартсменку аказваецца ціск і нават выказваюцца пагрозы. Крысціна Ціманоўская папрасіла дапамогі ў Міжнароднага алімпійскага камітэта, які праводзіць расследаванне. У апошнія дні яна знаходзілася ў польскай амбасадзе ў Токіа, атрымала гуманітарную візу. Муж Ціманоўскай з меркаванняў бяспекі выехаў з Беларусі ва Украіну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут