Вокладка кнігі "El padre del pueblo: un viaje a la dictadura de Bielorrusia" / amazon.in
Кнігу пра Беларусь і Аляксандра Лукашэнку выпусціў іспанскі журналіст Аргеміна Баро, які цяпер працуе ў Нью-Ёрку. Яна называецца "Бацька народа: Падарожжа ў беларускую дыктатуру", заўважыла выданне "Зеркало".
Асновай для кнігі сталі паездкі Баро ў Беларусь у 2012-2014 гадах, а таксама некалькі яго нядаўніх інтэрв'ю з беларускімі эмігрантамі. Як піша аўтар, яны дапамаглі "зразумець унутраную працу самай доўгажывучай аўтакратыі ў Еўропе".
У іспанскіх СМІ кнігу ўжо назвалі перасцярогай пра аўтарытарныя плыні, якія ахопліваюць свет.
"Беларусь асабліва мяне заінтрыгавала, таму што гэта быў апошні пакінуты, хоць і больш падступны, перажытак камунізму. Спроба пабудаваць утопію, якая скончылася жахлівым эксперыментам. Я вырас у дэмакратычным грамадстве, і мне было цікава паглядзець, якое жыццё пры дыктатуры і як узнікла такая сістэма", — тлумачыць Баро.
У кнізе знайшлося месца і пратэстам 2020 года, калі "новыя пакаленні прынеслі хвалю патрабаванняў свабоды, празрыстасці і абнаўлення", а Лукашэнка недаацаніў жаночы трыумвірат. "У яго было два варыянты — альбо саступіць уладу, альбо прадацца Маскве. Ён выбраў апошняе. Ківач нарэшце хіснуўся. З тых часоў Беларусь практычна стала правінцыяй Расіі", — канстатуе аўтар.
Баро падкрэслівае, што на прыкладзе Беларусі можна пабачыць, як умацоўваецца аўтарытарызм: "Большасць аўтарытарных рэжымаў умацоўваюць сябе, выкарыстоўваючы тактыку "каўбасы" — адкусваючы невялікія кавалачкі, ні адзін з якіх не занадта драматычны, каб нас устрывожыць, але якія разам вядуць нас да кропкі невяртання".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут