Кіраўнік "Штадлер" не збіраецца прадаваць беларускі завод

11/10/2024 - 15:15

"Штадлер"

Швейцарская кампанія Stadler не плануе мяняць уласніка беларускага завода. Пра гэта яе кіраўнік Петэр Шпулер заявіў выдавецкаму дому Tamedia. Матэрыял з'явіўся адразу ў некалькіх швейцарскіх выданнях, заўважыў сайт Reform.news.

Гэткім чынам Шпулер пракаментаваў заяву міністра транспарту і камунікацый Беларусі Аляксея Ляхновіча. Напрыканцы верасня беларускі чыноўнік заявіў, быццам у Беларусь могуць прыйсці расійскія інвестары, якія зоймуцца зборкай рухомага саставу на адным з прадпрыемстваў або створаць "сумеснае таварыства для таго, каб аднавіць вытворчасць" на заводзе "Штадлер" пад Мінскам.

Паводле Ляхновіча, перамовы вядуцца з дзвюма буйнымі карпарацыямі. Пазней у СМІ з'явілася інфармацыя, што гэта могуць быць кампаніі "Траснмашхолдынг" і "Група Сінара", якія знаходзяцца пад санкцыямі Украіны і ЗША, але не ЕС і Швейцарыі.

У сваю чаргу Шпулер падкрэсліў, што яго кампанія "заўсёды выконвала санкцыі на 100%". Ён дадаў, што няма ніякіх прыкмет таго, што Беларусь мае нейкія планы па змене структуры ўласнасці мінскага завода.

Прадстаўнік Шпулера Марк Мешэнмазер дадаў, што швейцарская кампанія не ўдзельнічала ні ў якіх дыскусіях паміж прадстаўнікамі ўрада Лукашэнкі і расіянамі.

Пасля ўвядзення санкцый Stadler перавёў большую частку вытворчасці і персаналу з беларускага завода на заходнія пляцоўкі. Ад двух тысяч ранейшых работнікаў на прадпрыемстве засталося каля 200 чалавек. Яны займаюцца механазборачнымі работамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі