Кіраўнік Ryanair выкрыў Мінск у хлусні, а інцыдэнт з самалётам назваў угонам

28/05/2021 - 06:24
Самалёт Ryanair ў мінскім аэрапорце, 23 траўня​ / Reuters​

Гендырэктар авіякампаніі Ryanair Майкл О'Ліры накіраваў ліст у дэпартамент па авіяцыі міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі, піша The Wall Street Journal.

О'Ліры назваў нядзельны інцыдэнт з самалётам наўмысным угонам і заклікаў беларускія ўлады разабрацца, хто ўсё ж такі сышоў з рэйса ў Мінску. Ён мяркуе, што гэта могуць быць супрацоўнікі КДБ, якія "дзейнічалі па ўказанні вашага ўрада, каб арганізаваць незаконны захоп нашага самалёта".

Паведамленні беларускіх улад у сувязі з інцыдэнтам кіраўнік Ryanair назваў недакладнымі ды ілжывымі. У прыватнасці, па словах О'Ліры, дыспетчары мінскага аэрапорта адмовіліся звязацца з авіякампаніяй, хоць камандзір борта прасіў пра гэта, калі пачуў пра пагрозу выбуху. Раней кіраўнік дэпартамента па авіяцыі беларускага Мінтранса Арцём Сікорскі казаў, што "кіраўнік палётаў Мінскага раённага цэнтра кіравання паветраным рухам некалькі разоў спрабаваў датэлефанавацца да прадстаўніцтва кампаніі Ryanair у Літве, але звязацца з кім-небудзь з прадстаўнікоў авіякампаніі ў яго не атрымалася".

О'Ліры таксама сцвярджае, што супрацоўнікі мінскага аэрапорта перашкаджалі самалёту хутка вярнуцца ў неба, доўга не хацелі запраўляць самалёт, а затым адмовіліся прымаць аплату паліва па крэдытнай карце. Акрамя таго, аэрапорт не змог знайсці перакладчыка на ангельскую мову.

Раней на недакладнасці ў беларускай версіі ўжо паказвалі ў Кіеве, Афінах, Варшаве і нават Палестыне. У прыватнасці, прадстаўнікі руху ХАМАС, ад імя якіх нібыта прыйшло паведамленне аб закладзенай бомбе, заявілі, што яны ні пры чым.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі