Кіраўнік Міншчыны Шапіра: Тэрыятарыяльная абарона не лягчэй за пасяўную (фота)

18/02/2016 - 15:01

17-18 лютага пад Мінскам прайшоў збор са старшынямі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама па тэрытарыяльнай абароне. Спярша для чыноўнікаў правялі тэарэтычныя заняткі, а потым і практычныя.

Заняткі прайшлі пад Мінскам, на вайсковым стрэльбішчы 120-й асобнай механізаванай брыгады. Чыноўнікаў азнаёмілі з асноўнай стралковай зброяй у беларускім войску. Акрамя стандартнага набору (пісталет Макарава, аўтамат Калашнікава і снайперская вінтоўка Драгунова) ім паказалі зброю, якая ёсць толькі ў элітных войскаў. Напрыклад, бясшумная снайперская вінтоўка "Вінтарэз" была распрацаваная для КДБ і армейскага спецназу, падраздзяленняў глыбіннай разведкі. На базе "Вінтарэза" напрыканцы 1980-х гадоў савецкія канструктары стварылі аўтамат "Вал". Зараз ён таксама стаіць на ўзбраенні спецыяльных падраздзяленняў.

Старшыня Мінскага аблвыканкама Сямён Шапіра паведаміў, што ўдзельнічаў у вайсковых вучэннях у 2011 і 2013 гадах. У каментары БЕЛТА чыноўнік паведаміў, што тэрытарыяльная абарона не лягчэй за пасяўную. "Усё аднолькава складана, калі рабіць усё правільна. Для гэтага нас і вучаць, каб мы ведалі алгарытм дзеянняў і выконвалі ўсе тэхналагічна: як у сельскагаспадарчай вытворчасці, так і ў тэрытарыяльнай абароне", — сказаў Шапіра.

Выдатнікам стральбы сярод чыноўнікаў, як перадае БЕЛТА, стаў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Станіслаў Зась. З кулямёта Калашнікава ён пацэліў ва ўсе мішэні. "Такія заняткі з кіраўнікамі органаў улады патрэбныя. Зразумела, што ў іх дзейнасці маса іншых надзённых і важных праблем, якія трэба вырашаць. Але мы ўсе разумеем, што тэрытарыяльнай абаронай таксама трэба займацца. Калі, крый божа, стане горача, вучыцца будзе позна. Таму такія заняткі вырашана праводзіць штогод", — паведаміў Зась.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі