Хто такі Ігар Брыло — затрыманы памочнік Лукашэнкі?

23/11/2023 - 15:14

Ігар Брыло – экс-міністр сельскай гаспадаркі / МТРК "Мір"

Пра затрыманне Ігара Брыло з уласных, не звязаных між сабой крыніц даведалася “Наша Ніва”. Памочніка Аляксандра Лукашэнкі — інспектара па Віцебскай вобласці, з працоўнага месца павялі спартыўнага выгляду мужчыны, і з таго часу на працы яго не было. Найбольш імаверна, што Ігар Брыло трапіў у СІЗА КДБ па “малочнай справе”, па якой затрыманы і гендырэктар “Бабулінай крынкі” Генадзь Скітаў.

Да высылкі ў Віцебскую вобласць Брыло з 2013-га займаў крэсла намесніка міністра сельскай гаспадаркі. У лютым 2022-га стаў міністрам. Праўда, на гэтай пасадзе не затрымаўся — ужо ў ліпені 2023-га Лукашэнка зняў яго.

Ігару Брыло цяпер 51 год. Ён паходзіць з Барысава і мае профільную адукацыю — ступень кандыдата селькагаспадарчых навук і дыплом ветерынара. З 1996 да 2006 ён працаваў ветэрынарным доктарам у Барысаве, прычым апошнія два гады быў галоўным ветэрынарам Барысава. Потым тры гады працаваў на Смалявіцкай птушкафабрыцы, а пасля перайшоў ужо на кіраўнічыя пасады.

Ігар Брыло меў добрыя адносіны з Генадзем Скітавым яшчэ з часу яго працы на Барысаўскім мясакамбінаце. Там Скітаў быў кіраўніком, а Брыло — ветэрынарам.

Мяркуючы па тым, што справу Скітава раскручвалі з 2020 года, а Ігар Брыло быў у гэты час на высокіх пасадах у Міністэрстве сельскай гаспадаркі, у следчых ёсць падставы падазраваць яго ва ўдзеле ў карупцыйных схемах.

Скітава абвінавачваюць у тым, што ён распрадаваў прадукцыю “Бабулінай крынкі” па заніжаны цэнах у падкантрольныя фірмы ў Расіі, а розніцу (з рэальным рынкавым коштам) клаў сабе ў кішэню.

Ігар Брыло (злева) выслухвае інструкцыі падчас прызначэння на пасаду міністра / president.gov.by

За часамі Брыло ў міністэрстве “Рассельгаснагляд” чапляўся да беларускіх прадуктаў, у тым ліку да малочнай прадукцыі з “Бабулінай крынкі”, і забараняў экспартаваць яе ў Расію. Ігар Брыло браў удар на сябе і справаздачыўся пра тое, як наладжваецца кантакт з расіянамі.

— З аднаго боку, нейкая крыўда недзе ў душы можа ўтойвацца, але з іншага боку, ты разумееш, што адносіны з “Рассельгаснаглядам” дысцыплінавалі вельмі сур'ёзна. Цяпер мы, можа, нават празмерна падыходзім да лабараторнага кантролю, якасці нашай прадукцыі. Цяпер ідзе, у прынцыпе, нядрэнны дыялог, — казаў Брыло ў 2019 годзе.

На пасадзе інспектара па Віцебскай вобласці Ігар Брыло збіраўся таксама папрацаваць па профілі — падцягнуць сельскую гаспадарку. Бо Віцебшчына ў гэтай сферы ў аўтсайдарах.

Тут у АПК адны з самых нізкіх паказчыкаў у краіне — мала малака, падае колькасць быдла і птушкі, дрэнная ўраджайнасць у культур. Брыло збіраўся за 3-4 гады выправіць сітуацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі