Казакевіч: Магчыма, парламент стане часцей карыстацца правам пісаць законы

10/04/2018 - 13:00

Калі Лукашэнка сапраўды наважыцца падзяліцца з кімсьці сваімі паўнамоцтвамі, дык, хутчэй за ўсё, гэта будзе Палата прадстаўнікоў. Такое меркаванне ў размове з Еўрарадыё выказвае дырэктар інстытута “Палітычная сфера” Андрэй Казакевіч.

“Вельмі даўно ідзе дыскусія пра тое, што парламент павінен быць больш уплывовым. Ужо вельмі доўга беларускія юрысты дыскутуюць на тэму, што прэзідэнцкія дэкрэты і іх прымяненне трэба зводзіць да мінімуму, да нейкіх сапраўды надзвычайных сітуацый. А не ўводзіць фактычна новы інстытут і мяняць заканадаўства, прымаючы акты прэзідэнта, — распавядае Еўрарадыё Андрэй Казакевіч. — Таксама парламент можа больш актыўна карыстацца магчымасцю заканатворчай ініцыятывы. Цяпер гэта таксама ёсць, але выкарыстоўваецца слаба менавіта таму, што ёсць правіла: усе законапраекты рыхтуюцца ці ўрадам, ці Адміністрацыяй прэзідэнта. Можа быць прынятае палітычнае рашэнне, што па такіх і такіх пытаннях законапраекты няхай рыхтуюць самі парламентарыі”.

За першы год працы Палаты прадстаўнікоў шостага склікання дэпутаты ініцыявалі ўсяго адзін законапраект. Астатнія былі распрацаваныя за сценамі Палаты прадстаўнікоў.

Таксама Андрэй Казакевіч не выключае, што будзе павялічаная роля парламента ў кантролі за ўрадам. Тады новыя міністры будуць не фармальна ўзгадняцца з дэпутатамі, а хаця б неяк абмяркоўвацца.

Нагадаем, падчас сустрэчы з журналістамі дзяржаўных СМІ 10 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што, магчыма, падзеліцца “часткай функцый прэзідэнта з іншымі галінамі ўлады”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі