Катарцы хочуць распачаць сакалінае паляванне пад Капылём, беларусы супраць

28/01/2020 - 11:41

На пачатку студзеня беларускія паляўнічыя даведаліся, што прыватная гаспадарка “Белы Бор” прэтэндуе на частку паляўнічых угоддзяў у Капыльскім раёне. “Белы Бор” звязаны з катарскім бізнесам і, па словах сяброў Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, арыентаваны на заможных замежных паляўнічых.

Прадпрыемства збіраецца ўзяць зямлю ў арэнду — беларускія паляўнічыя сумняюцца, што змогуць працягваць там паляваць і што егеры захаваюць працу.

Паляванне ў Беларусі / sb.by

“Пакуль пытанне перадачы [зямлі] не вырашанае, — расказаў Еўрарадыё дырэктар капыльскага аддзялення Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў Валерый Долбік. — Але ў нашу арганізацыю прыйшоў ліст, што паляўнічая гаспадарка “Белы Бор” папрасіла перадаць ім у арэнду частку паляўнічых угоддзяў”.

“Белы Бор” працуе ў Беларусі з 2015 года. Па сайце арганізацыі не адчуваецца, што яна арыентуецца на замежнікаў. Цэны ў прайс-лісце ўказаныя ў беларускіх рублях.

Тое, што гаспадарку фінансуюць катарскія бізнесмены, тут не хаваюць: “Яны [катарцы. — Еўрарадыё] спансуюць нас. Тут няма чаго хаваць. Адкуль узяліся ўсе вальеры? Ёсць спонсары, назавём гэта так”, — расказвае Еўрарадыё намеснік дырэктара гаспадаркі “Белы Бор” Дзмітрый Кахановіч.

У гаспадаркі ўжо ёсць паляўнічыя ўгоддзі ў Капыльскім і Слуцкім раёнах. Цяпер яна хоча арандаваць яшчэ 30 тысяч гектараў. Маўляў, ёсць вялікія планы. А разгарнуцца няма дзе.

Белы бор / beliybor.by

“У іх [Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў. — Еўрарадыё] 120 тысяч гектараў зямлі, у мяне 19 [тысяч гектараў]. У іх няма ліцэнзіі на адстрэл аленя, а ў мяне на 47 жывёл. Таму да нас і едуць людзі, — працягвае Кахановіч. — Але і мясцовым мы не адмаўляем. Толькі ў нас усё па законе і не атрымаецца дамовіцца з егерам, каб пастраляць крыху больш. У людзей, якія блізка жывуць, нармальныя цэны, каб паляваць на зайца, аленя, лася. Нікому не патрэбны парадак, які прыйдзе на тэрыторыю”.

Як увогуле прыватнік можа абмежаваць правы капыльскіх паляўнічых?

“Яны [“Белы Бор”] не практыкуюць паляванне з ганчакамі на зайца і лісу [традыцыйнае для беларускіх мясцін. — Еўрарадыё]. У лісце пішуць, што плануюць развіваць сакалінае паляванне. Хутчэй за ўсё, гэта будзе вельмі дарагое задавальненне, наўрад ці нашыя паляўнічыя сабе такое змогуць дазволіць. Гэта не наш традыцыйны від палявання. У Туркменіі, Казахстане гэта традыцыйны від, але не ў нас”, — асцярожна скардзяцца ў капыльскай арганізацыі БТПР.

Сакалінае паляванне ў Беларусі / krasniybor.by

“Белы Бор” сапраўды плануе пабудаваць на арэнднай зямлі сакаліную ферму. Але абгароджваць тэрыторыю, каб там маглі паляваць выключна замежнікі, ніхто не збіраецца. Цэны для капыльскіх паляўнічых абяцаюць захаваць і нават крыху знізіць.

Галоўнай прычынай незадаволенасці прыватны арандатар бачыць тое, што ён збіраецца навесці парадак і спыніць браканьерства.

“Яны разумеюць, што на тэрыторыю БТПР пасля бардака прыйдзе гаспадарчая дзейнасць. Гэта не задавальняе нікога. Гэта не егеры скардзяцца, а насельніцтва, якое ведае, што ў нас будзе парадак”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі