Кангрэсмен-рэспубліканец прапануе ЗША выйсці з ААН

24/01/2017 - 11:17

З прапановай спыніць сяброўства ў ААН і Сусветнай арганізацыі аховы здароўя яшчэ 3 студзеня выступіў кангрэсмен ад штата Алабама рэспубліканец Майк Роджэрс. Адпаведны законапраект апублікаваны на сайце Кангрэса пад назвай "American Sovereignty Restoration Act of 2017".

Згодна з ім ЗША павінны спыніць сяброўства ў ААН, удзел у фінансаванні арганізацыі, закрыць місію пры ААН, спыніць удзел у міратворчых аперацыях і адмяніць дыпламатычны імунітэт для супрацоўнікаў ААН.

Амерыканскае выданне Mashable піша, што не варта панікаваць з гэтай нагоды. Па-першае, праект закона ўнесены толькі ў камісію па міжнародных справах і невядома, ці будзе ўвогуле вынесены на разгляд Кангрэса. Па-другое, такія законапраекты з’яўляюцца не першы раз. Ідэнтычны дакумент усплывае апошнія 20 гадоў.

Палітыкі — ад Рона Пола, які прапаноўваў законапраект з 1997 па 2011 год, да Пола Браўна і Роджэрса — імкнуліся да выхаду ЗША з ААН. Ва ўсіх гэтых выпадках законапраект быў перададзены на разгляд камітэта і там і застаўся. Ён ніколі не быў вынесены на галасаванне.

Праўда, новаабраны прэзідэнт ЗША ў мінулым не раз крытыкаваў ААН і яе пазіцыі наконт Ізраіля.

24 студзеня пасля ўступлення на пасаду Дональд Трамп падпісаў указ аб выхадзе ЗША з Трансціхаакіянскага партнёрства, як і абяцаў падчас выбарчай кампаніі. Пра выхад з ААН Трамп ніколі не казаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі