Кангрэс дэмакратычных сілаў можа прайсці 14 ці 15 траўня

18/02/2016 - 16:40

Кангрэс дэмакратычных сілаў можа адбыцца 14 або 15 траўня. Такая дата была прапанаваная на пасяджэнні аргкамітэта кангрэса 18 лютага. Акрамя таго, на пасяджэнні быў зацверджаны часовы парадак вылучэння дэлегатаў.

У каментары агенцтву БелаПАН сябра аргкамітэту Уладзімір Някляеў патлумачыў, што аргкамітэт не хоча "зачыняць дзверы перад партнёрамі па дэмакратычным руху". Па яго словах, дэмакратычныя арганізацыі маюць час далучыцца да аргкамітэту і падаць свае прапановы наконт парадку вылучэння дэлегатаў і даты кангрэса.

Дэлегатаў плануецца выбіраць на сходах, дзе адзін дэлегат будзе вылучацца ад 10 чалавек. Калi правесці сход немагчыма, чалавек можа сабраць 10 подпісаў за вылучэнне яго дэлегатам і падаць гэтыя подпісы ў аргкамітэт кангрэса. У сельскай мясцовасці, дзе немагчыма сабраць 10 подпісаў, можа быць і іншы спосаб вылучэння дэлегатаў.

На думку Някляева, у кангрэсе могуць прыняць удзел да 500 чалавек.

Наступнае пасяджэнне аргкамітэта адбудзецца 23 лютага. На ім будуць абмяркоўвацца пасланні, якія плануецца агучыць на кангрэсе. "Яны, у першую чаргу, звязаныя з палітычнай і эканамічнай сітуацыяй у краіне. Менавіта дзеля гэтага праводзіцца кангрэс, а не дзеля міфічнага аб'яднання. Мы лічым, што на кангрэсе дэмакратычную супольнасць павінна прадставіць шляхі выхаду з сённяшняга тупіку. Калі ўлада гэтага зрабіць не можа, гэта становіцца мэтай дэмакратычных сілаў", — заявіў Някляеў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі