Іван Ціхан заваяваў срэбра Алімпіяды ў Рыа (фота)

20/08/2016 - 02:27

Беларус Іван Ціхан заваяваў срэбра Алімпіяды ў Рыа. У фінале спаборніцтваў па кіданні молата ён саступіў толькі прадстаўніку Таджыкістана Дылшоду Назараву.

Спачатку найлепшы вынік паказаў Дылшод Назараў з Таджыкістана —76,16; 77,27 і 78,07. Іван Ціхан быў другім — 76,13; 77,43 і 73,48. Паляк Войцех Навіцкі, які лічыўся адным з фаварытаў, пачаў выступаць няўдала — заступ, а пасля 74,94 і 74,97. Беларус Сяргей Каламоец у фінальную васьмёрку не трапіў (найлепшай у яго была першая спроба — 74,22).

У фінальнай васьмёрцы Ціхан не змог дагнаць Назарава — пасля няўдалай чацвёртай спробы (молат выляцеў за сектар), у пятай ён крыху палепшыў ранейшыя вынікі — 77,79. Але таджык у пятай спробе кінуў молат на 78,68. Паказаць лепшы вынік беларус не змог. Да барацьбы за медалі падключыўся і Навіцкі з вынікам 77,73, які заваяваў бронзу.

На рахунку беларускіх алімпійцаў на сённяшні дзень 1 золата, 4 срэбра і 2 бронзы.

Івану Ціхану 40 гадоў. Ён — ураджэнец вёскі Глоўсевічы Слонімскага раёна. Жыве ў Гродне. Спортам пачаў займацца ў Слоніме. Скончыў Слонімскую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, Гродзенскую вучэльню алімпійскага рэзерву, Гродзенскі ўніверсітэт.

Ціхан — трохразовы чэмпіён свету (2003, 2005 і 2007 гады). Бронзавы прызёр Алімпіяды 2008 года ў Пекіне, вынік — 81 метр 51 см. Аднак пазней быў пазбаўлены ўзнагароды з-за выяўленага павышанага ўтрымання тэстастэрона. Праз Спартыўны арбітражны суд у 2010 годзе дамогся вяртання алімпійскай бронзы, яго рэабілітавалі.

Яшчэ адна гісторыя з допінгам звязаная з Алімпіядай 2004 года ў Афінах. Ціхан з вынікам 79 метраў 81 см узяў бронзавы медаль, але пасля дыскваліфікацыі прадстаўніка Венгрыі атрымаў срэбра. У 2012-м, праз восем гадоў, беларуса пазбавілі гэтай узнагароды. Не дазволілі яму выступіць на Алімпіядзе ў Лондане, да якой ён сур'ёзна рыхтаваўся.

Іван Ціхан не здаўся. Ён упарта трэніраваўся, рыхтаваўся да Алімпіяды ў Рыа. На чэмпіянаце Еўропы 2016 года ў яго было срэбра.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі