Індыйскі ўрок для Беларусі: чаму студэнцкі пратэст не мае межаў

25/07/2026 - 16:12

Пратэсты ў Індыі / aljazeera.com

"Гэта не канец, будуць палітычныя ўзрушэнні", — каментуе Еўрарадыё адстаўку міністра ў Дэлі паліталагіня і кандыдатка гістарычных навук Роза Турарбекава.

На першы погляд, маштабны крызіс у індыйскай сістэме адукацыі — падзея далёкая. Але для беларусаў гэты кейс нясе важныя сэнсы пра салідарнасць, інстытут рэпутацыі і абарону сваёй будучыні.

Тое, што сёння адбываецца ў Індыі, — гэта не проста лакальны скандал з экзаменамі. Гэта гісторыя пра тое, як два мільёны галасоў могуць прымусіць сістэму здрыгануцца.

— Характэрна, што студэнцкія пратэсты ў Індыі пачаліся з сітуацыі ў адукацыі, — звяртае ўвагу Роза Турарбекава. — Хтосьці дагэтуль сур'ёзна лічыць тэму адукацыі сумнай. Але ж гэта, увогуле, тэма вялікай палітыкі і будучыні грамадства. На прыкладзе Індыі, як і раней Непала, мы бачым, як пакаленне Z успрымае сучаснае кіраванне, чым яно незадаволенае і чаму.

Нездарма сітуацыя ў адукацыі становіцца прычынай сацыяльных з'яў, якія могуць прывесці да палітычнага перавароту. Астатняе глядзіце па спасылцы.

Днямі сын расказаў, што ягоная сяброўка ў Індыі, якая вызначалася правымі поглядамі, таксама выйшла разам з усёй моладдзю на вуліцу. А гэта, між іншым, "левая павестка". Бо гаворка ідзе яшчэ і пра беспрацоўе сярод моладзі. Сын здзіўляўся гэтаму парадоксу. А я яму патлумачыла. Яе погляды, хутчэй за ўсё, не былі палітычнымі ў прамым сэнсе гэтага слова — яны хутчэй адлюстроўвалі яе мысленне, сфармаванае ў выніку спажывання інфармацыі пэўнага характару. Але сапраўднае палітычнае мысленне — гэта калі ты думаеш не пра агульныя палітычныя прынцыпы, а калі ўсведамляеш свае інтарэсы і фармулюеш іх як палітычныя. Вось тады ты становішся палітычным суб'ектам з пэўнай павесткай. У паліталогіі гэта называецца агрэгацыяй інтарэсаў.

Падазраю, што многія беларусы пакуль яшчэ не сталі на гэты шлях. Сацыяльныя падмуркі для стварэння палітычных рухаў не мелі масавага характару. Або мелі, але вельмі нядоўга.

Дэмакратыя ў Беларусі мае не вельмі доўгую гісторыю. Аднак гэта такая рэч: узнікне адпаведная сітуацыя — і хуткасць працэсу здзівіць нават нас саміх.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі