Іх норавы: квіткі з Украіны, вадамёты на пратэстах і вулкан як атамная бомба

24/01/2022 - 14:32
Агляд сусветных навін / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Талібы будуць прасіць размарозіць рахункі, кітайцы зноў могуць сустрэць Новы год не дома, а ўсе, акрамя Расіі, працягваюць гаварыць пра вайну з Украінай. Коратка пераказваем галоўныя сусветныя навіны.
 

З'ехаць нельга застацца

Усе працягваюць гаварыць пра імавернасць ваеннага канфлікту на мяжы з Украінай. Вялікабрытанія сёння адклікала каля паловы супрацоўнікаў сваёй амбасады ў Кіеве. ЗША загадалі сем'ям супрацоўнікаў сваёй амбасады вярнуцца дадому. Украіна сказала, што дзеянні амерыканцаў заўчасныя, і назвала гэтыя дзеянні "праявай празмернай асцярожнасці".

ЕС вось не асцярожнічае і пакуль застаецца на месцы. Сваіх дыпламатаў вывозіць з краіны пакуль не плануюць. Жазэп Барэль кажа, што не будзе драматызаваць сітуацыю, пакуль ідзе перамоўны працэс.

Чаму Расія вырашыла напасці на Украіну менавіта цяпер? Прыкладна так сваё пытанне сфармулявала CNN, звяртаючыся да Сяргея Лаўрова.

"Вы сцвярджаеце, што мы збіраемся напасці на Украіну, хоць мы шматкроць тлумачылі, што гэта не так. Але сцвярджаючы, што гэта адбудзецца, вы пытаецеся: а чаму цяпер? А калі ж не нападаць нам?"

 

Вадамёты і слезацечны газ

У Еўропе працягваюцца пратэсты супраць кавід-абмежаванняў. У Бруселі справа прыняла сур'ёзны абарот. Улады заяўляюць, што на акцыю выйшла каля 50 тысяч чалавек. Гэта адна з найбуйнейшых акцый пратэсту. Праваахоўнікі ўжылі вадамёты, слезацечны газ.

На пратэсты прыехалі не толькі бельгійцы, але і жыхары іншых краін. Дэманстрацыя была арганізаваная агульнаеўрапейскай сеткай Europeans United for Freedom і іншымі групамі, якія выступаюць супраць абмежаванняў.

Трое праваахоўнікаў і 12 пратэстоўцаў былі дастаўленыя ў лякарню.

Глядзіце на відэа The Guardian, як гэта было

Месяцовы Новы год у Кітаі — зноў па дамах?

Кітайцы рыхтаваліся сустрэць месяцовы Новы год 1 лютага. Былі часы, калі сотні мільёнаў людзей напярэдадні гэтага свята садзіліся на цягнікі або ў самалёты і адпраўляліся дадому. Ажыятаж доўжыўся тыдзень. А потым наступіў кавід.

У 2020 годзе за два дні да месяцовага Новага года ва Ухані абвясцілі каранцін. Цяпер Кітай працягвае бескампрамісную палітыку барацьбы з каранавірусам, якая ў многіх сустракае падтрымку. Але калі стала ясна, што і сёлета шмат хто можа не трапіць дадому на Новы год, людзі пачалі расчароўвацца.

Кітайскі Новы год / Calvin Teo

Зрэшты, Міністэрства транспарту Кітая лічыць, што сёлета ў паездкі адправіцца на траціну больш кітайцаў, чым летась. І гэта ўсё роўна значна менш, чым было ў 2019 годзе, да таго, як мы пазнаёміліся з каранавірусам.

Многія мясцовыя ўлады адгаворваюць людзей ад паездак, спадзеючыся стрымаць распаўсюджванне віруса.

 

Талібаў паклікалі на перамовы

Еўрапейскія афіцыйныя асобы сустрэліся з прадстаўнікамі "Талібану". Гэта не азначае прызнання — улады талібаў не прызнала ні адна краіна ў свеце. Аднак азначае гатоўнасць шукаць шляхі дапамогі для жыхароў Афганістана, дзе 95% насельніцтва недаядае, а сапраўдны голад пагражае больш як палове жыхароў краіны.

Сённяшні дзень будзе найважнейшым днём перамоў: талібы плануюць папрасіць размарозіць рахункі Афганістана ў амерыканскіх банках.

У Еўропе не ўсе падтрымалі гэтую сустрэчу: маўляў, палітыку талібаў нельга ўзнагароджваць перамовамі.

 

Планета таксама мае зброю

Вывяржэнне падводнага вулкана недалёка ад астраўной дзяржавы Тонга на мінулым тыдні было ў сотні разоў магутнейшым за атамную бомбу, якую ЗША скінулі на Хірасіму, расказалі ў НАСА.

Вывяржэнне знішчыла вулканічны востраў на поўнач ад сталіцы Тонга, а большасць насельніцтва каралеўства пацярпела ад цунамі і попелу.

Спадзяёмся, што такія навіны могуць ператварыць у пацыфістаў нават самых ваяўнічых з нас: Зямля даказвае, што яна мае зброю, магутнейшую за нашу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі