Ібрагім Саідаў прынёс Беларусі яшчэ адну алімпійскую бронзу

21/08/2016 - 05:36

Ібрагім Саідаў стаў бронзавым прызёрам Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанейра на турніры па вольнай барацьбе. Прадстаўнік Беларусі заняў трэцяе месца ў суперцяжкой вагавай катэгорыі (да 125 кг).

У вырашальным паядынку з армянскім барцом Леванам Берыянідзэ беларускі спартсмен здолеў перамагчы, прычым па выніках спарынгу лік быў роўным, але перамогу прысудзілі Саідаву па дадатковых паказніках.

Раней у 1/8 фіналу Саідаў перамог Даулета Шабанбая з Казахстана (7:0), але ў чвэрцьфінальным паядынку саступіў турку Таха Акгюлю (0:11). Дзякуючы таму, што яго сапернік выйшаў у фінал, беларускі барэц-вольнік атрымаў магчымасць паўдзельнічаць у суцяшальным турніры, у якім змагаліся за бронзу. Тут Саідаў спачатку перамог Чулуунбата Жаргалсайхана з Манголіі (4:1), пасля чаго выйшаў на спарынг з Берыянідзэ.

Перамога на спаборніцтвах дасталася турку Таха Акгюлю, дзеючаму чэмпіёну свету, другое месца — у грузіна Гено Петрыяшвілі.

Такім чынам, Беларусь мае тры медалі ў спаборніцтвах барцоў. У жанчын ў вагавай катэгорыі да 63 кг серабро атрымала Марыя Мамашук, у мужчынскім турніры па грэка-рымскай барацьбе ў катэгорыі да 85 кг бронза дасталася Джавіду Гамзатаву.

Усяго беларусы маюць 9 алімпійскіх узнагародаў на Гульнях у Рыа.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі