І выпускнікі ўніверсітэтаў, і жыхары сельскай мясцовасці: ад чаго ўцякаюць курды

15/11/2021 - 13:16
Жыхары гарадоў ратуюцца ад беспрацоўя, жыхары паўночных вёсак проста шукаюць бяспекі / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

"Раней кавярня была поўная наведвальнікаў днём і ноччу. <...> Летась у нас было так шмат кліентаў, што заканчваліся сталы і крэслы", — расказвае курдскаму выданню Rudaw уладальнік некалі адной з самых папулярных устаноў у горадзе Дарбандзіхан Раванд Лукман.

Яшчэ нядаўна людзі збіраліся тут, каб пакурыць кальян і пагутарыць. Цяпер ва установе ўсяго сем-восем чалавек.

Спартыўныя залы, кавярні — вельмі многія сёлета недалічыліся сваіх кліентаў. Аматары спорту сталі радзей прыходзіць на стадыёны. З рэгіёнаў Ірака, у якіх жывуць курды, сёлета з'ехала шмат моладзі, піша курдскае інфармагенцтва Rudow.

Пераказваем гісторыі мігрантаў, якія спрабуюць трапіць у ЕС праз Беларусь.

 

"Большасць з нас — выпускнікі ўніверсітэтаў, мы хочам працаваць"

Дахук — горад на поўначы Ірака. Ён знаходзіцца недалёка ад мяжы з Сірыяй і Турцыяй. Журналісты пагаварылі з тымі, хто яшчэ толькі абдумвае гэтае небяспечнае падарожжа да беларуска-польскай мяжы. Выданне пакідае сваіх суразмоўнікаў ананімнымі і называе "патэнцыйнымі мігрантамі".

"Нас восем чалавек, мы надумалі ехаць разам. Большасць з нас — выпускнікі ўніверсітэтаў",расказаў журналістам "патэнцыйны мігрант".

Іракскі Курдыстан / theglobetrottingdetective.com

Усе яго таварышы, з якімі ён плануе дабрацца да Еўропы, спрабавалі знайсці працу ў сваёй краіне. Усе яны могуць і хочуць працаваць — а працы няма.

Сам суразмоўнік Rudow скончыў універсітэт, атрымаў ступень бакалаўра тры гады таму. Ён працуе настаўнікам гісторыі без пастаяннага кантракта і зарабляе 171 долар у месяц. Супрацоўнікам без кантракта плацяць менш.

"Беспрацоўе, няпоўная занятасць, людзі страцілі надзею пабудаваць добрае жыццё ў Курдыстане — гэта фактары, якія падахвочваюць тысячы курдаў шукаць лепшую будучыню за мяжой, выкарыстоўваючы нерэгулярныя маршруты", — пішуць журналісты.

 

Ад чаго яны ўцякаюць

Драматычныя сцэны начлегаў у беларускіх лясах не спыняюць маладых курдаў: яны спадзяюцца дабрацца да мяжы Беларусі і Польшчы.

Прадстаўнік рэгіянальнага ўрада Курдыстана Джатыяр Адыль заяўляе, што на польска-беларускай мяжы захраслі 7,5–8 тысяч курдаў.

Ён запэўнівае, што ўрад працуе над тым, каб зрабіць жыццё ў Курдыстане лепшым. А тым, хто захрас на мяжы, дадуць гуманітарную дапамогу.

Вось што піша курдскае інфармагенцтва Rudow пра прычыны, якія гоняць курдаў з іх зямлі.

"Курдыстан, які часта называюць бяспечнай гаванню ў Іраку, сутыкнуўся з уласнымі крызісамі: высокім узроўнем беспрацоўя, карупцыяй, палітычнай нестабільнасцю і эканамічным спадам у часе пандэміі каранавіруса",канстатуюць журналісты.

Для курдаў на поўначы ўсё яшчэ не вырашана пытанне з бяспекай. Працягваецца доўгі канфлікт паміж Турцыяй і Рабочай партыяй Курдыстана. Гэта вымусіла людзей "пакінуць свае сельгасугоддзі і адправіцца ў міграцыйны шлях", пішуць журналісты.

Дахук, Іракскі Курдыстан / Ala nheli

"З красавіка Турцыя правяла дзве інтэнсіўныя кампаніі супраць РПК у правінцыі [Дахук. — Еўрарадыё]. Некалькі мірных жыхароў былі забітыя, а дзясяткі вёсак апусцелі", — паведамляе Rudaw.

Яшчэ адна прычына, з якой тысячы маладых курдаў з'язджаюць у Еўропу, — менавіта адсутнасць працы, заключае выданне. Працаваць у Курдыстане можна галоўным чынам на дзяржаўныя кампаніі. Журналісты падкрэсліваюць: на працягу многіх гадоў дзяржслужбоўцы не атрымлівалі заробкі своечасова. А часам наогул не атрымлівалі праз вайну з Ісламскай дзяржавай.

Урад спрабуе справіцца з крызісам, і гэтым летам прэм'ер абвясціў пра спыненне зніжэння заробкаў, але, мяркуючы па кадрах з мяжы, курдаў гэта пакуль не пераканала. З'язджае ў асноўным моладзь, сярод іх вельмі шмат жыхароў сельскай мясцовасці, дзе сітуацыя з працаўладкаваннем блізкая да безнадзейнай.

 

"Яны шукаюць бяспекі"

У мігранцкіх суполках у сацсетках ёсць не толькі тыя, хто вырашыў прарвацца ў Еўропу, але і тыя, хто назірае за гэтым прарывам са сваіх родных гарадоў. Еўрарадыё папрасіла аднаго з іх — жыхара Багдада Хасана — расказаць, чаго чакаюць мігранты ад жыцця ў ЕС.

— Чаму людзі гатовыя пакутаваць дзеля таго, каб трапіць у Еўропу? Таму што ў іх уласных краінах нестабільна ў цэлым, яны шукаюць бяспекі. Як вы ведаеце, палітыка нашых урадаў памылковая, яны няправільна кіруюць краінай, і гэта правакуе паніку сярод жыхароў. Людзі баяцца неабароненасці, забойстваў, баяцца, што іх чалавечыя правы не будуць паважаць.

Чаму яны хочуць трапіць менавіта ў Еўропу? Таму што еўрапейскія краіны паважаюць правы чалавека, таму што там цэніцца адукацыя. Таму што там ёсць законы, якія не дазваляюць пагражаць чалавечаму жыццю. Там у гэтых людзей могуць быць правы, якіх яны не знаходзяць у іх родных краінах.

Наш суразмоўнік кажа, што з болем назірае за сцэнай, якая вось ужо тыдзень разгортваецца на мяжы. Ён просіць польскіх памежнікаў улічыць, што сярод мігрантаў ёсць жанчыны, дзеці, пажылыя людзі і тыя, хто пакутуе на хранічныя захворванні.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі