Лукашэнка прыгразіў Расіі санкцыямі за зрыў тэрмінаў будаўніцтва АЭС

14/02/2020 - 11:26

Беларусь і Расія працуюць над урэгуляваннем сітуацыі з БелАЭС. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з калектывам Светлагорскага ЦКК.

Ён нагадаў, што першы блок АЭС у Астраўцы, якую будуе "Расатам", мусіў быць уведзены ў дзеянне ў 2018 годзе, а другі — у 2019. "Але сарвалі тэрміны, а там велізарныя штрафныя санкцыі", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка дзяржавы.

Пра гэтыя санкцыі Лукашэнка нагадаў Уладзіміру Пуціну падчас перамоваў у Сочы 7 лютага. Але той, па словах беларускага кіраўніка, прапанаваў знайсці ўзаемапрымальнае рашэнне, бо расійскі бюджэт не гатовы да гэтых выплат. 

У адказ Лукашэнка вылучыў сустрэчную прапанову: "Вы сарвалі тэрміны. Значыць, давайце дамовімся, што працэнт па крэдыце скароцім да таго ўзроўню, як вы будуеце ў Венгрыі, у В'етнаме (дзесьці каля 3%). Мы не будзем уводзіць санкцыі, і гэта якраз тое на тое і прыйдзецца. І крэдыт, калі вы тэрміны сарвалі, мы пачнем выплачваць не праз два гады, а праз пяць"

На думку беларускага кіраўніка, гэта лагічнае рашэнне, хаця і нязручнае. "Іншага не дадзена. Ці мы ўводзім санкцыі за пратэрміноўку (а там вялікія грошы), або яны пасоўвацца па крэдыце. Гэта цалкам нармальна", — мяркуе ён. Па словах Лукашэнкі, Пуцін гэтай прапанове не пярэчыў. 

Днямі Беларусь прасіла ў Расіі адтэрміноўку па крэдыце на будаўніцтва БелАЭС, але расійскі Мінфін адмовіў у гэтай просьбе. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі