Харчаванне лёгкаатлета перад Алімпіядай каштуе 37 рублёў у суткі

15/07/2016 - 12:28

14 ліпеня ў алімпійскім спорткомплексе “Стайкі” нацыянальная зборная па лёгкай атлетыцы распачала трэніровачны заключны збор да Гульняў-2016 у Рыа-дэ-Жанейра. Пераважная большасць спартсменаў рыхтуецца менавіта тут, а не за мяжой. У параўнанні з мінулай Алімпіядай умовы для падрыхтоўкі  значна ўдасканалілі, паведамляе Ігар Сівадзедаў, галоўны трэнер зборнай. Рэканструяваныя бегавыя дарожкі, сектары для доўгіх кідкоў і трайнога скачку. Адрамантаваны гатэльны корпус №3.

 “Што тычыцца выдаткаў на харчаванне, на сёння гэта каля 370 тысяч рублёў (37 дэнамінаваных рублёў, — Еўрарадыё). Што тычыцца фармакалогіі, усё неабходнае спартсмены атрымалі”, — паведамляе Еўрарадыё Ігар Сівадзедаў.

Амаль усе нашы топавыя лёгкаатлеты рыхтуюцца да Алімпіяды менавіта ў “Стайках”. Толькі бягуха Аліна Талай паляцела ў Аўстрыю, дзе жыве яе трэнер Філіп Унфрыд. 

Легендарны кідальнік молату Іван Ціхан праводзіць трэніровачны збор у Жукоўскім (Расія). Так званую горную падрыхтоўку ў Кіславодску праходзяць Святлана Кудзеліч (3000 метраў), Вольга Мазуронак (бягуха на марафонскія дыстанцыі), Іван Троцкі, Дзяніс Сімановіч і Аляксандр Ляховіч (усе трое — хадакі). Аднак названыя спартсмены ўсё адно вернуцца перад Алімпіядай у “Стайкі”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі