Хакеры ўзламалі Твітэр-акаўнт дырэктара кампаніі Twitter

31/08/2019 - 10:58

Хакеры ўзламалі Твітэр-акаўнт генеральнага дырэктара кампаніі Twitter Джэка Дорсі. Цяпер доступ да акаўнта адноўлены, паведамляюць замежныя СМІ.

Тым не менш хакеры паспелі апублікаваць ад імя Дорсі болей за паўтара дзясятка паведамленняў з нецэнзурнай лаянкай, расісцкімі выказваннямі і пагрозамі выбухаў. Мяркуецца, што да хакерскай атакі магла спрычыніцца група Chuckle Squad.

Узламаць Твітэр зламыснікі змаглі праз праблемы з бяспекай з боку аператара мабільнай сувязі. Гэта дазволіла хакерам публікаваць твіты праз СМС. Мяркуецца, што доступ да акаўнта быў атрыманы шляхам падмены SIM-карты.

Нумар, прывязаны да Twitter-акаўнта Дорсі, маглі перадаць іншай SIM-карце. Для гэтага ўзломшчыкі звычайна падкупляюць або ўводзяць у зман супрацоўнікаў тэхпадтрымкі мабільнага аператара.

У выніку атакі яе аўтары атрымалі магчымасць пісаць наўпрост у акаўнт Дорсі праз адпраўку тэкставых паведамленняў, у той час як большасць карыстальнікаў Twitter карыстаюцца мабільным дадаткам.

Кампанія захавала гэты падыход пры выхадзе на рынкі краін з нізкімі прыбыткамі, дзе кошт перасылкі данных адносна высокі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі