Гродзенскаму блогеру, які ўжо два месяцы за кратамі, дадалі 20 сутак арышту

14/10/2021 - 11:37

Гродзенскаму блогеру Вадзіму Ермашуку (Vadimati), які ўжо два месяцы за кратамі, дадалі 20 сутак адміністрацыйнага арышту. На гэты раз за "распаўсюд, выраб або захоўванне інфармацыі, у якой ёсць заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці". Такое рашэнне прыняў суд Шчучынскага раёна. 14 кастрычніка Ермашука могуць перавесці ў СІЗА Гродна, паведамляе Радыё Свабода.

36-гадовага Вадзіма Ермашука затрымалі 16 жніўня, калі ён прыехаў у Шчучын здымаць гумарыстычны ролік для свайго Instagram. Нібыта за заклікі прыехаць на спартовае мерапрыемства (на скейт-пляцоўку) яго асудзілі на 25 сутак арышту. Пасля дадалі 15 сутак — блогер нібыта тэлефанаваў у службу 115 і падчас размовы нецэнзурна выказаўся пра сістэму ЖКГ, а таксама пра гарвыканкам.

Пазней стала вядома, што Ермашуку выставілі абвінавачванне па двух артыкулах КК: "Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь" і "Здзек з дзяржаўных сімвалаў". Сваёй віны ён не прызнае.

У кастрычніку 2020-га блогера аштрафавалі ў Гродне на 540 рублёў за ўдзел у жнівеньскім маршы. "Я за свабоду слова, свабоду выбару", — казаў ён у судзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі