Гомельскія ідэолагі забаранілі тэатральную афішу за "змрочнасць"

16/05/2016 - 16:46

Гомельскі моладзевы тэатр падрыхтаваў на 26 траўня для гараджан прэм'еру спектакля "Дзе адступаецца каханне..." паводле п'есы А.Валодзіна "З каханымі не расставайцеся...".

Дзеянне пастаноўкі адбываецца пераважна ў вар'ятні, таму тэатр вырашыў папіярыць спекталь адпаведнай афішы. На ёй — заплаканая галоўная гераіня ва ўціхамірвальнай кашулі ў сценах вар'ятні.

Аднак аддзел ідэалогіі гомельскага гарвыканкама гэтую афішу забараніў, піша tut.by. Чыноўнікі патлумачылі забарону тым, што афіша "занадта змрочная". Яны прапанавалі прыбраць сінякі ў дзяўчыны і замяніць яе вопратку на касцюм. Артысты лічаць, што такая афіша не будзе адпавядаць зместу.

У тэатры падрыхтавалі новую афішу — белы аркуш з назвай спектакля. Аднак у рэкламнай службе палічылі, што белая афіша будзе прывабліваць вандалаў, і яе размалююць. Урэшце аўтары спектакля замянілі белы фон на чырвоны.

У тэатры кажуць, што вельмі разлічвалі на забароненую афішу, бо яна магла прывабіць публіку напрыканцы тэатральнага сезону.  Цяпер у тэатры сумняюцца, што нехта прыйдзе да іх на прэм'еру.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі