Героі года: кім захапляліся беларусы ў 2021-м

29/12/2021 - 14:16
Каго беларусы называюць героямі 2021 года? / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Канец года — час падводзіць вынікі. Важна ўспомніць не толькі пра падзеі, якія былі галоўнымі ў 2021-м, але і назваць яго герояў: тых, кім беларусы захапляліся, каго паважалі і ўспрымалі як прыклад.

Еўрарадыё запыталася ў сваіх падпісчыкаў пра тое, каго яны называюць героямі года, які ўжо адыходзіць. Расказваем, каго самі беларусы ў 2021-м называлі героямі часцей за ўсё.

Дар'я Лосік

Жонка палітвязня Ігара Лосіка — прыклад стойкасці і мужнасці. Пакуль судзілі яе мужа, Дар'я пастаянна прыязджала ў Гомель. У яе не было магчымасці ўбачыць Ігара, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме. Але гэта не спыняла яе.

Дар'я вырашыла застацца ў Беларусі, каб быць побач з мужам. На гэта яе рашэнне не ўплывае і тое, што прыйсці могуць па яе.

Нават пасля суровага прысуду Ігару (15 гадоў турмы) Дар'я не здалася. Яна запісала моцны зварот да Лукашэнкі і заклікала яго сустрэцца з ёй. Адказу, зразумела, не атрымала. Сёння для многіх яна застаецца прыкладам любові і стойкасці.

Святлана Ціханоўская

Лідарку беларускай апазіцыі ўвесь год лаялі беларускія прапагандысты — значыць, яе дзейнасць іх раздражняла. І зразумела чаму, бо дасягненняў у Ціханоўскай за год нямала.

Святлана працягвала сустракацца з сусветнымі лідарамі з адной мэтай — каб міжнародны ціск на беларускі рэжым не слабеў, а станавіўся толькі мацнейшым. Многіх натхніла яе сустрэча з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам, пасля якой той увёў новыя санкцыі супраць уладаў краіны.

Называлі Ціханоўскую героем года многія не толькі за палітычную дзейнасць, але і за тое, што яна працягвала аб'ядноўваць дэмакратычныя сілы, розныя ініцыятывы і дыяспары. А пасля прысуду мужу не зламалася і працягнула сваю працу.

Вітольд Ашурак

Актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка затрымалі ў верасні 2020-га, пазней асудзілі на пяць гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах. Нягледзячы на прысуд, Вітольд не быў зламаны.

"Я па-ранейшаму вольны адрозніваць чорнае ад белага і любіць сваю Айчыну Беларусь!" — пісаў ён з-за кратаў.

Убачыць свабодную Беларусь Вітольд не паспеў: у траўні ён загадкава памёр у шклоўскай калоніі. Па афіцыйнай версіі — ад спынення сэрца. Але яго гібель выклікала шмат пытанняў, а развітваліся з ім як з героем.

Сяргей Савельеў

Беларуса Сяргея Савельева многія называлі героем года за тое, што ён перадаў праваабаронцам відэа катаванняў у расійскіх турмах.

Можа здацца, што гэта не датычыцца Беларусі. На самай справе пенітэнцыярныя сістэмы дзвюх краін падобныя. Акрамя таго, рызыкаваў жыццём дзеля праўды менавіта беларус, што натхніла вельмі многіх.

Палітвязні і іх родныя

Сярод імёнаў, якія называлі нашы падпісчыкі, вельмі шмат палітвязняў — Марыя Калеснікава, Раман Пратасевіч, Вольга Такарчук, Арцём Баярскі, Паліна Шарэнда-Панасюк, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, — а таксама тых, хто адбывае пакаранне, але не прызнаны на сёння палітвязнямі.

Героямі года можна назваць кожнага з сотняў затрыманых, арыштаваных і асуджаных беларусаў. Нягледзячы ні на што, яны захоўваюць веру ў лепшае і паказваюць прыклад таго, што не апускаць рукі можна нават знаходзячыся ў зняволенні.

Натхняюць і родныя палітвязняў: сваёй сілай і любоўю. Еўрарадыё на працягу года выпусціла два праекты, прысвечаныя ім: "Палітвязні. Love Story" і "Рэжым чакання".

Медработнікі

Яшчэ адзін "калектыўны герой" — медыцынскія работнікі. Гэта і лекары, і медсёстры, і санітары, і даследчыкі сферы медыцыны. Нягледзячы на ўсё, яны працягвалі ратаваць жыцці беларусаў і ад каранавіруса, і ад іншых захворванняў.

Іх праца і самаадданасць вельмі важныя і патрэбныя і таксама падаюць прыклад для многіх. Дзякуй медработнікам за ўсё, што яны робяць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі