Гарбачоў: беларусы самі дамовяцца, не трэба ў гэта ўмешвацца

11/01/2021 - 07:32

Першы і апошні прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў у інтэрв'ю ria.ru выказаўся пра падзеі ў Беларусі. Ён прызнаўся, што яны яго хвалююць. "Гэта цяжкасці пераходу да дэмакратыі", — кажа Гарбачоў пра крызіс у Беларусі і Кыргызстане. Ён верыць, што народы гэтых краін здолеюць іх пераадолець.

Міхаіл Гарбачоў нагадаў, што ў адным з нядаўніх інтэрв'ю прызнаўся, што захоплены беларусамі, якія са жніўня праводзяць мірныя пратэсты. "І трэба даць гэтаму народу магчымасць самому знайсці шлях, ён зможа гэта зрабіць, я ўпэўнены, — працягвае Гарбачоў. — Калі трэба правесці канстытуцыйныя змены, беларусы самі дамовяцца, не трэба ў гэта ўмешвацца. Патрэбна адказнае стаўленне ўсіх удзельнікаў гэтага працэсу".

Аляксандр Лукашэнка не спяшаецца са зменай Канстытуцыі. Ён заявіў, што праект новага беларускага заканадаўства можа быць гатовы толькі да канца 2021 года.

Міхаіл Гарбачоў кіраваў СССР з 1985 да 1991 года. Менавіта ён распачаў дэмакратызацыю і "перабудову" ў Савецкім Саюзе ў 1980-я, не супраціўляўся ліквідацыі СССР у снежні 1991-га пасля Белавежскіх пагадненняў, якія далі старт стварэнню новых незалежных краін, у тым ліку і Рэспублікі Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі