Галоўны рэдактар "КП" назваў выстаўленае Мажэйку абвінавачванне абсурдным

12/10/2021 - 08:36

Галоўны рэдактар "Камсамольскай праўды" Уладзімір Сунгоркін назваў выстаўленае абвінавачванне журналісту "КП у Беларусі" Генадзю Мажэйку абсурдным. У каментары sputnik.by ён заявіў пра "вялікую стратэгічную памылку" беларускага боку. І нагадаў, што ў Крамлі сітуацыю з Мажэйкам і "КП у Беларусі" называлі "няправільнай".

Увечары ў панядзелак стала вядома, што Мажэйку выставілі абвінавачванне па двух артыкулах — "Распальванне сацыяльнай варажнечы" (арт. 130 КК) і "Абраза прадстаўніка ўлады" (арт. 369 КК). Сунгоркін нагадаў, што выданне ўзяла на сябе выдаткі на адвакатаў. "Нашы юрысты будуць працаваць, будзем пісаць пра гэта, рабіць усё, што магчыма", — кажа ён. Праз юрыстаў Уладзімір Сунгоркін спадзяецца даказваць, што абвінавачванне журналіста абсурднае: "Мы будзем выступаць у судзе, калі гэта будзе магчыма".  

Генадзь Мажэйка напісаў на сайт kp.by артыкул, у якім прывёў словы пра загінулага ў перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ айцішніка Андрэя Зельцэра яго аднакласніцы. Пасля гэтага ў Беларусі заблакавалі сайт беларускай версіі "КП". Мажэйка ўжо 10 дзён за кратамі, ён прызнаны праваабаронцамі палітвязнем.

"Нельга выстаўляць такія сур'ёзныя абвінавачванні за тры сказы, якія журналіст напісаў са слоў суразмоўцы", — заявіў Сунгоркін.

"КП" тыдзень таму аб'явіла, што закрывае сваё прадстаўніцтва ў Мінску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі