Кадр з фільма / Facebook
Польскі рэжысёр і ўладальнік “Оскара” за фільм “Іда” Павел Паўлікоўскі прадставіў сваю новую працу падчас кінафестваля ў Канах. Стужку пад назвай “Бацькаўшчына” прынялі шасцю хвіліннымі авацыямі.
Пра гэта на сваёй старонцы ў Фэйсбуку напісала галоўнага рэдактарка тэлеканалу “Белсат” Аліна Коўшык, якая, як апынулася, знялася з эпізадычнай ролі ў фільме Паўлікоўскага.
“Віншую маэстра Паўла Паўлікоўскага з прэм’ерай на Канскім кінафестывалі і шасцю хвілінамі авацый.
Для мяне вялікі гонар і радасць — быць маленькай часткай гэтай гісторыі і сыграць у фільме “Радзіма”. Вельмі чакаю моманту, калі яго можна будзе пабачыць на вялікіх экранах”, — напісала Коўшык.
Фільм “Бацькаўшчына” распавядае пра вяртанне лаўрэата Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры Томаса Мана і ягонай дачкі Эрыкі пасля 16 гадоў у зруйнаваную пасля Другой сусветнай вайны Германію. Іх ролі выконваюць Ганс Цышлер і Сандра Хюлер.
Крытыкі вельмі добра ацанілі гэтае кіно. На сэрвісе Metacritic фільм мае сярэднюю адзнаку ў 90 са 100.
У каментары “Белсату” Коўшык распавяла, што трапіла на здымкі праз абвестку пра кастынг: шукалі людзей пэўнага выгляду, якія ўмеюць танчыць. Яна выслала заяўку, а пасля атрымала СМС: “Спадар рэжысёр Паўлікоўскі адабраў вас на гэтую ролю, запрашаем на здымкі”.
Здымкі праходзілі ў варшаўскім Палацы культуры і навукі тры дні.
“Мая галоўная матывацыя была ў тым, каб паглядзець, як ствараецца вялікае кіно выбітнымі рэжысёрамі. Гэта вельмі шматпавярховы, добра зарганізаваны працэс. Рэжысёр вельмі патрабавальны да кожнага кадру, які пераздымаецца некалькі разоў з заангажаваннем вялікай колькасці людзей”, — распавяла Аліна Коўшык.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут