"Галоўнае, каб Ivan не аблажаўся ў Стакгольме"

23/01/2016 - 00:55

Сюрпрыза не атрымалася. На "Еўрабачанне-2016" ад Беларусі паедзе Аляксандр Іваноў, ён жа Ivan (Айвэн). Ён жа выхаванец расійскага прадзюсара Віктара Дробыша, які нядаўна прыязджаў у Беларусь і атрымаў тут ордэн Францыска Скарыны. Ён жа высокі даўгавалосы бландын, вакол якога па сцэне бегалі ваўкі, а ён спяваў запамінальную, але не надта актуальную сёння песню пра палёт. Іваноў абвяргае, што яго перамогу вырашылі грошы і сувязі:

"Гэта было б па-дурному і няшчыра ў дачыненні да сябе. За нас сапраўды прагаласавалі людзі, і гэта свайго роду праверка — падабаешся ты ім ці не. Мая песня заварожвае, яна незвычайная, я лічу, што яна адпавядае еўрапейскаму ўзроўню". 

Саша Захарык

Сёлетні фінал нацыянальнага адбору выдаўся адным з самых цікавых за апошнія некалькі гадоў. Па-першае, з-за свежых твараў. Па-другое, гэтыя свежыя твары сапраўды добра падрыхтаваліся: падцягнулі ноты, адрэпетавалі бэкі, прадумалі нумары. У ім быў гурт неўласцівых для нашых шыротаў хлопчыкаў The EM (карціну псавалі лэдзі ў чорным: не асабліва была зразумелай іх функцыя), практычна Адэль Анастасія Малашкевіч (толькі трэба нешта рабіць з бітамі ў  аранжыроўцы), Navi (кажуць, што на сцэне, нарэшце, зразумелі сэнс і сілу сваёй песні), шыкоўная дзяўчына ў касцюме кажана Валерыя Садоўская, інтэлігентная Саша Захарык, салодкі мачо Аляксей Грос, каралева ў кароне Napoli і т.д. За іх галасавалі гледачы, што таксама незвычайна для беларускага адбору — такім чынам "кепскае журы" вырашыла зняць з сябе адказнасць за вынікі. Праўда, у любым выніку, асабліва сённяшнім (Дробыш, ордэн, статус у расійскім шоў-бізе, грошы і г.д.), можна сумнявацца. Тым больш, калі ўспомніць гісторыю пра галасаванне, Litesound і Алёну Ланскую і тое, што з гэтага атрымалася. 

Navi

Вялікі экран у фае Белтэлерадыёкампаніі ўзяты ў шчыльнае кола. Госці і ўдзельнікі фіналу спрабуюць даслаць смс і ўважліва сочаць за першымі лічбамі. Некага яны ўводзяць у стан шоку: ні Грос, ні Іваноў, а менавіта... Napoli цягам першых 10-ці хвілін лідуе з вялікім адрывам ад астатніх канкурсантаў.

"Я зусім не расстроюся, калі не выіграю, таму што ўдзел у конкурсе каштуе вельмі шмат грошай, — прызнаецца Саша Захарык, якая ў выніку галасавання апынулася на апошнім месцы. — Я разумею, колькі грошай мне давядзецца патраціць, а ў мяне іх няма. Трэба нешта прадаць, кватэру, напрыклад, ці нырку. Але я ўсё ж аддам перавагу жыць у кватэры, запісваць альбомы і траціць грошы на сваю музыку".

Раптам Napoli пачынае даганяць а потым і пераганяць Аляксандр Іваноў, якому дакладна не давядзецца прадаваць нырку ў выпадку перамогі. Яго прыхільнікі радасна крычаць. У іншых канчаткова псуецца настрой. Тут і там чуюцца рэплікі шэптам: "Казалі ж, што паедзе Іваноў, а астатнія, так, антураж". Іншыя ж бачаць у Іванове расійскага артыста, які, апроч таго, што нарадзіўся ў Гомелі, больш ніяк не праявіў сябе ў Беларусі.

Канкурэнты Іванова расстроеныя. Праўда, стараюцца сябе не выдаваць. Маўляў, пераможцу не судзяць. Napoli, якая ў выніку апынулася на другім месцы, кажа, што задаволеная сабой і не будзе здавацца. Прыкладна тое ж паўтарае Валерыя Садоўская, дадаючы, што песня Іванова можа нават не толькі патрапіць у фінал "Еўрабачання", але і дамагчыся нечага большага. Navi пачынаюць распавядаць пра эмоцыі, якія яны адчулі, выступаючы на сцэне. Але Арцём Лук'яненка дадае:

"Усё ж, мы не лічым, што песня Айвэна — хіт. Калі б гэта быў 2001 ці 2002 год, яна магла б перамагчы, але цяпер зусім іншы час. Людзі слухаюць іншую музыку".

Анастасія Малашкевіч таксама асабліва не хавае эмоцый:

"Я не магу сказаць, што згодная з вынікамі. Я была настроеная на перамогу. Я віншую пераможцу, калі ўжо так склалася. Першапачаткова ўсе думалі, што адбудзецца бітва фан-клубаў. Я не ведаю, фан-клубы гэта былі ці не фан-клубы, але незразумелая бітва адбылася. Галоўнае, каб Айвэн не аблажаўся ў Стакгольме. Мы жадаем яму поспеху".

Анастасія Малашкевіч

На думку удзельніка "Еўрабачання-2014" і вядучага нацыянальнага адбору Тэа, сёлетнія фіналісты былі роўнымі па ўзроўні. Але песня-пераможца, лічыць выканаўца "Чызкейка", магла быць і святлейшай:

"Калі фарматаваць кожнага артыста ў "Еўрабачанне", а не проста ацэньваць, хто з іх сёння выступіў лепш ці горш, даволі някепска глядзеліся і Ivan, і The EM, Ермакоў. Але мне падаецца, што стылістычна песня-пераможца нацыянальнага адбору ў гэтым годзе — не лепшы варыянт для песні-пераможцы "Еўрабачання" у цэлым. Яна можа прагучаць паспяхова, але мне падаецца, што людзі хочуць больш пазітыву". 

Вядучыя і шлюбная пара Вольга Рыжыкава і Тэа прадставілі на нацыянальным адборы сумесны трэк "Нам очень"

Падчас галасавання, на якое сёлета было выдзелена ажно паўгадзіны, у сетках людзі скардзіліся на тое, што не могуць адправіць смс ці дазваніцца і аддаць свой голас за таго ці іншага канкурсанта. Што яшчэ да заканчэння галасавання яны атрымлівалі паведамленні, што галасаванне спыненае. А расійскі канал Муз-ТВ яшчэ ў снежні назваў Аляксандра Іванова прадстаўніком Беларусі на "Еўрабачанні". Потым дырэкцыя канала патлумачыла, што агаварыліся. Хацелася б верыць у выпадковасць гэтых момантаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі