Футбольныя фанаты адмаўляюцца выходзіць на трыбуны з-за палітычнай сітуацыі

28/02/2021 - 08:06
Футбольныя заўзятары на стадыёне "Дынама" ў Мінску / Reuters

Беларускі футбол, новы сезон якога павінен стартаваць 2 сакавіка матчам Суперкубкe краіны паміж "Шахцёрам" і БАТЭ, хутчэй за ўсё застанецца без фанацкай падтрымкі. Пра гэта піша "Трыбуна".

Першымі аб адмове вяртацца на трыбуны заявілі ультрас брэсцкага "Дынама", патлумачыўшы гэта "блюзнерствам у адносінах да рэпрэсаваных" за апошнія паўгода футбольных фанатаў.

Маючы адбыцца матч "Шахцёр" — БАТЭ збіраюцца байкатаваць фанаты барысаўчан.

"Наша сумленне не дазваляе заставацца ў баку ад таго, што адбываецца ў краіне. У салідарнасць з тымі, хто стаў ахвярай гэтай машыны рэпрэсій, з брацкімі клубамі і з кожным ганарлівым Беларусам, якi паважае сябе, мы адмаўляемся ад «скокаў пад дудачку» дзейнага рэжыму", — заявілі фанаты БАТЭ.

Да ультрас Брэста і БАТЭ падобныя заявы прагучалі ад фанатаў "Нёмана" і "Слуцка". Заўзятары "Нёмана" заявілі, што не пойдуць на матчы да "поўнай перамогі народа".

Пост ультрас "Нёмана" ВК

Фаны "Слуцка" нагадалі, што не маюць права падтрымліваць тых, хто падтрымлівае рэжым.

"Нагадваем тым, хто пачаў забываць і прымаць тое, што адбываецца вакол. Мы спыняем цалкам нашу дзейнасць на выправах і хатніх гульнях да поўнай перамогі народа. Мы не маем права падтрымліваць жабянят, якія падтрымліваюць рэжым. Мы не маем ніякага права забываць пра тых, хто аддаў сваё жыцце і свабоду за вольную Беларусь. Наша сумленне застаецца з народам!" — заявілі фанаты "Слуцка".

Не выйдуць падтрымаць матчы любімага клуба і фанаты "Маладзечна":

"[Мы] адмаўляемся ад актыўнай падтрымкі каманды, па зразумелых для ўсіх адэкватных людзей прычынах! Упэўненыя, што хлопцы нас зразумеюць!"

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі