Фотафакт: Віталь Гуркоў адляцеў на чэмпіянат свету па муай-тай

17/05/2016 - 13:28

У аўторак 17 траўня наш шматразовы чэмпіён свету па муай-тай і Заслужаны майстар спорту вылецеў у шведскі Енчопінг, дзе адбудуцца спаборніцтвы. 

Чэмпіянат свету яшчэ да яго пачатку даецца Віталю Гуркову няпроста. У сакавіку баец, які паралельна займаецца творчай дзейнасцю ў складзе гурта Brutto, нечакана для многіх вярнуўся ў рынг і перамог на чэмпіянаце Беларусі. У хуткім часе стала вядома, што байца выключылі са стаўкі ў Мінспорта і на яго паездку ў Швецыю няма грошай.

Беларусы ў межах праекта “Народны чэмпіён” за лічаныя гадзіны сабралі для Гуркова неабходную суму. Праўда, пазней стала вядома, што Федэрацыя муай-тай усё ж знайшла грошы для байца ў дзяржбюджэце.

Апроч Гуркова (75 кг) у складзе нацыянальнай зборнай выступяць і іншыя зоркі сусветнага масштабу. Гэта найперш Андрэй Кулебін (71 кг), Дзмітрый Варац (67 кг) і Дзмітрый Валент (81 кг).

Першыя баі беларусы правядуць ужо ў наступны чацвер. Чэмпіянат жа скончыцца 28 траўня.  

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі