Фінляндыя гатовая стаць медыятарам у перамовах па беларускім крызісе

24/09/2021 - 11:47

Фінляндыя гатовая стаць арганізатарам або медыятарам пляцоўкі па перамовах па беларускім крызісе. Пра гэта міністр замежных спраў Фінляндыі Пека Хаавіста сказаў свайму беларускаму калегу Уладзіміру Макею падчас сустрэчы ў Нью-Ёрку, паведамляе Радыё "Свабода". Раней пра гэта фінскага дыпламата прасіла Святлана Ціханоўская.

Хаавіста прапанаваў урэгуляваць беларускі палітычны крызіс у рамках платформы АБСЕ. Парламенцкую асамблею АБСЕ з гэтымі ж мэтамі прапаноўваў неаднаразова і Офіс Ціханоўскай.

У каментары "Свабодзе" дарадца Ціханоўскай Францішак Вячорка расказаў, што яна сустракалася з міністрам Хаавіста ў сакавіку і абмяркоўвала тэму перамоваў. Было прапанавана тры варыянты пляцоўкі для перамоваў — Фінляндыя, Швейцарыя і Аўстрыя.

"Гэтая ж ідэя, наколькі мы ведаем, гучала і падчас сустрэчы міністра Макея і Хаавіста. Але, наколькі нам вядома, безвынікова. Але мы ў любым разе не трацім надзею і працягваем настойваць на перамовах", — дадае Вячорка.

Фінляндыя традыцыйна лічыцца адным з уплывовых медыятараў у міжнародных канфліктах. Менавіта ў Хельсінкі ў 1975 годзе была падпісаная дэкларацыя, на аснове якой узнікла АБСЕ. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі