Яму адказаў кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі / Скриншот видео
Мільярдэр Ілон Маск заклікаў распусціць Еўрапейскі Саюз пасля таго, як атрымаў штраф у 120 млн еўра ад Еўракамісіі за непразрыстасць сваёй сацыяльнай сеткі X. "ЕС варта ліквідаваць і вярнуць суверэнітэт асобным краінам, каб урады маглі лепш прадстаўляць свае народы", — напісаў Маск.
Эксцэнтрычнаму мільярдэру адказаў пад адным з твітаў кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі, параіўшы яму паляцець на Марс.
"Ляці на Марс. Там няма цэнзуры на нацысцкія салюты".
Аштрафавалі X з-за неадпаведнасці сацсеткі еўрапейскаму закону "Аб лічбавых паслугах". Прэтэнзіі ў ЕК узніклі па трох пунктах: адмова X даваць рэгулятарам поўныя даныя пра рэкламныя кампаніі, якія дазваляюць вызначыць іх арганізатараў; забарона аўтаматызаванага збору публічных даных з X староннімі дадаткамі; а таксама прадстаўленне "сіняй птушачкі" у X як інструмента, які нібыта служыць доказам таго, што ўліковы запіс належыць рэальнай асобе.
У ЗША штраф раскрытыкаваў не толькі Маск, але і палітыкі з адміністрацыі Дональда Трампа. Віцэ-прэзідэнт Джэй Дзі Вэнс напісаў, што Маска аштрафавалі "за тое, што ён не займаецца цэнзурай". Дзяржсакратар Марка Рубіа назваў штраф "атакай не толькі на X, але на ўсе амерыканскія платформы і народ".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут