Эксперты: толькі 7% сродкаў з дарожнага фонду ідзе на будаўніцтва новых дарог

29/09/2021 - 08:01
Больш за чвэрць выдаткаў дарожнага фонду ідзе на пагашэнне крэдытаў

Рэспубліканскі дарожны фонд адчувае сур'ёзны дэфіцыт сродкаў, паведамляюць "Нашы Грошы".

У студзені-чэрвені гэтага года яго даходы склалі 199 мільёнаў рублёў, а выдаткі — 350 мільёнаў. Розніцу у 151 мільён даводзіцца закрываць са сродкаў дзяржбюджета.
 
Пры гэтым больш за чвэрць выдаткаў фонду (26%) займае пагашэнне крэдытаў і працэнтаў па іх. 29% расходуецца на ўтрыманне дарог у парадку, 12% ідзе на іх бягучы рамонт і толькі 7% — на рэканструкцыю старых дарог і будаўніцтва новых.

Як бачна з дадзеных Мінфіна, сёння краіна траціць большую частку рэсурсаў на падтрыманне дарог у працоўным стане, а не развіццё і абнаўленне дарожнай інфраструктуры.

Сітуацыя са сродкамі рэспубліканскага дарожнага фонду.

Пры гэтым праграма развіцця транспартнага комплексу на 2017-2020 гады не прафінансавана ў поўным аб'ёме, адзначаюць эксперты. Прычына складаецца ў тым, што дзяржава недаатрымала да 70% замежных сродкаў, на якія разлічвала. У 2020 годзе з запланаваных 139 мільёнаў рублёў з замежных крыніц (галоўным чынам з Еўрасаюза) Беларусь атрымала толькі 43 мільёны.

У выніку ўраду прыйдзецца браць крэдыты ў Еўразійскага банка развіцця ці Кітая. Але гэтыя крэдыты могуць апынуцца значна даражэй або наогул не быць атрыманы, лічаць эксперты.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі