Эксперт: Расія абавязкова адпомсціць Турцыі за збіты самалёт

24/11/2015 - 14:38

Міжнародны скандал: Турцыя збіла на мяжы з Сірыяй расійскі самалёт СУ-24

(фота, відэа, траекторыя палёта)

Турцыя збіла на мяжы з Сірыяй расійскі ваенны самалёт СУ-24. Двое пілотаў паспелі катапультавацца.

Аляксандр Алесін лічыць, што сітуацыя з расійскім СУ-24, які нібыта парушыў турэцкую мяжу, зусім не такая адназначная.

Інфармацыя пра знішчэнне турэцкімі ваенна-паветранымі сіламі расійскага бамбардзіроўшчыка СУ-24 з’явілася ўдзень 24 лістапада. Паводле турэцкай версіі, расійскі самалёт парушыў паветраную прастору краіны, пілоты не рэагавалі на перасцярогі туркаў — у выніку турэцкія пілоты прынялі рашэнне збіць расіян, што і зрабілі.

Паводле расійскай версіі, СУ-24 дзейнічаў выключна над тэрыторыяй Сірыі, паветранай прасторы Турцыі не парушаў, а значыць, дзеянні туркаў — гэта “удар у спіну”.

Сітуацыя складаная, Еўрарадыё спрабуе разабрацца ў ёй разам з вайсковым экспертам Аляксандрам Алесіным:

 

Еўрарадыё: Ці прадугледжвае міжнароднае права падобныя сітуацыі?

Алесін: У прынцыпе, працэдура прапісаная. Калі самалёт насамрэч парушыў паветраную прастору і гэты факт усталяваны з дапамогай сродкаў аб’ектыўнага кантролю — радарамі, спадарожнікамі — то трэба дзейнічаць наступным чынам: самалёт-парушальнік папярэджваюць на адмысловай радыёчастаце, потым папераджальны агонь, калі пасля гэтага парушальнік пацягвае палёт углыб тэрыторыі — агонь на паражэнне. Суверэнная дзяржава мае права на абарону сваіх межаў, гэта норма міжнароднага права.

 

Еўрарадыё: Што магло быць прычынай неаднаразовага парушэння паветранай прасторы Турцыі расійскімі самалётамі?

Алесін: Нейкі час таму насамрэч было парушэнне. Расія гэта прызнала. Але ў дадзеным выпадку — незразумела. Згодна самым апошнім паведамленнем, расійскі самалёт знаходзіўся над тэрыторыяй Сірыі. Таму тут, канешне, цяпер могуць быць сур’ёзныя непрыемнасці. Кожны бок павінен будзе абгрунтаваць сваю пазіцыю з дапамогай сродкаў аб’ектыўнага кантролю. Улічваючы, што ёсць спадарожнікі, беспілотныя апараты і аперацыйнае назіранне, то можна высветліць, што нехта хлусіць. І я не ўпэўнены, што гэта расіяне.

Пуцін выказаўся пра збіты у Сірыі расійскі бамбардзіроўшчык

Атаку на расійскі самалёт ён назваў "ударм у спіну". Па словах Пуціна, расійскі самалёт знаходзіўся ў паветранай прасторы Сірыі і ніяк не пагражаў Турцыі. Ён заявіў, што Су-24 быў збіты ракетай "паветра-паветра" ў 1 км ад мяжы з Турцыяй, а зваліўся — за 4 км ад мяжы.

Еўрарадыё: Чаму вы так думаеце?

Алесін: Незадоўга да гэтага здарэння і прэзідэнт Турцыі, і прэм’ер-міністр заяўлялі, што Расія праводзіць бамбардзіроўкі занадта блізка ад турэцкай мяжы. І было нават пагрозлівае папярэджанне з боку кіраўніцтва Турцыі на адрас Расіі. Турцыя ўзялася прадстаўляць інтарэсы сірыйскіх туркменаў, над чыёй тэрыторыяй сёння збілі расійскі самалёт. А Турцыя іх абараняе. І ў прынцыпе, я думаю, што гэта можа быць своеасаблівым дэмаршам з боку Турцыі. Яна такім жорсткім чынам захацела давесці да Расіі сваю пазіцыю, абараніць свае інтарэсы.

 

Еўрарадыё: Нават так?

Алесін: Так. Нават яшчэ больш. Як бы ні парадаксальна гэта прагучала, але Турцыя тым альбо іншым чынам, не яўна, але падтрымлівае “Ісламскую дзяржаву”, якая ваюе з Асадам. Асада хоча звергнуць Турцыя. У выніку з “Ісламскай дзяржавай” Турцыя сур’ёзна не ваюе. Больш за тое, яна ускосна падтрымлівае яе. Турцыя — гэта транзітны калідор для нафты з “Ісламскай дзяржавы”. ІГ прадае нафту па 12 долараў за барэль, пасярэднік у выглядзе Турцыі шмат на гэтым гандлі зарабляе. Тое, што Расія пачала бамбіць нафтаздабычу, цыстэрны з палівам — гэта шмат пра што кажа. Не выключана, што цыстэрнамі, якія знішчае Расія, кіруюць турэцкія вадзіцелі. Тут вельмі вялікае кола інтарэсаў пераплялося.

Сірыйскія паўстанцы апублікавалі відэа забітага расійскага пілота

Сірыйскія паўстанцы знайшлі пілота расійскага самалёта СУ-24, які паспеў катапультавацца. Відэа загінулага пілота яны перадалі агенству Reuters. Самі кадры агенства не публікуе, але згодна з апісаннем гэта відэа падобнае на раней апублікванае ў інтэрнэце.

Еўрарадыё: Якой можа быць рэакцыя Расіі на ўсё гэта?

Алесін: У прынцыпе, гэта могуць быць эканамічныя санкцыі — у Турцыі вялікія фінансавыя інтарэсы ў Расіі, турызм, будаўніцтва і гэтак далей. Можа быць і асіметрычны адказ. Мяжу Турцыі з Арменіяй ахоўваюць расійскія супрацьпаветраныя сілы. І палёт нейкага турэцкага самалёта ці верталёта на мяжы з Арменіяй можа раптам быць завершаны. Улічваючы вопыт Пуціна ў спецслужбах, адказ Расіі будзе вывераным і дакладным. Помста добрая ў халодным выглядзе. А Пуцін за збіты самалёт Турцыі абавязкова адпомсціць. Пытанне толькі, якім чынам. Знішчаць яны нафтаздабычу “Ісламскай дзяржавы” альбо пачнуць суправаджаць свае бамбардзіроўшчыкі знішчальнікамі, якія могуць збіваць F-16. Варыянтаў мноства.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі