Экс-старшыня Салігорскага райвыканкаму асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі

04/12/2017 - 15:28

Мінскі абласны суд абвясціў прысуд па крымінальнай справе экс-старшыні Салігорскага райвыканкама Аляксандра Рымашэўскага, перадае БЕЛТА.

Былога чыноўніка прызналі вінаватым у атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры (ч.3 арт.430 КК). Ён асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй усёй маёмасці. Таксама Рымашэўскага на пяць гадоў пазбавяць права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, і пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады.

На карысць дзяржавы будзе спагнаны эквівалент негрунтоўна атрыманай выгады ў памеры больш як 28,56 тысяч рублёў. 

Абвінавачанне падчас спрэчак прасіла для салігорскага чыноўніка 9 гадоў пазбаўлення волі. Пракурор аддзела дзяржаўнага абвінавачання Генпракуратуры Юрый Шарснёў у каментары журналістам падкрэсліў, што ў цэлым суд пагадзіўся з пазіцыяй пракуратуры па гэтай крымінальнай справе.

Паводле звестак следства, прыкладна на працягу года Рымашэўскі атрымліваў хабар, агульная сума якога склала 16,9 тысяч долараў, што лічыцца асабліва буйным памерам. Незаконнае ўзнагароджанне чыноўніка за чатыры прыёмы перадаў адзін чалавек — прадстаўнік камерцыйнай структуры "Белросаграсэрвіс" дзеля запазычанасці сельгаспрадпрыемстваў Салігорскага раёна.

Затрымалі кіраўніка раёна 30 траўня на дарозе каля вёскі Камень Капыльскага раёна Міншчыны з доказамі злачынства, у момант атрымання хабару ў 2,7 тысячы долараў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі