Экс-прэм’ера Украіны Яцэнюка затрымалі на 10 хвілінаў — па запыце Расіі

24/12/2017 - 14:39

Былога прэм’ер-міністра Украіны Арсенія Яцэнюка на непрацяглы час затрымалі ў аэрапорце Жэневы. Гэта здарылася ўвечары 23 снежня: палітыка спынілі на пашпартным кантролі на запыце Расіі і праз 10 хвілінаў адпусцілі. Затрыманне было звязанае з абвінавачаннямі ва ўдзеле ў баявых дзеяннях у Чачні, піша meduza.io са спасылкай на прэс-службу Яцэнюка.

У 2015 годзе кіраўнік Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін заявіў, што Яцэнюк нібыта ваяваў у Чачні ў 1994-1995 гадах на баку сепаратыстаў. Яцэнюк адмаўляе гэтыя абвінавачанні.

У сакавіку 2017 года суд у Есентуках завочна арыштаваў Яцэнюка. Праз некалькі тыдняў пасля гэтага кіраўнік украінскага МУС Арсен Авакаў заявіў, што Інтэрпол адмовіўся абвяшчаць Яцэнюка ў вышук па просьбу Расіі, бо Украіна падала факты, якія сведчаць пра беспадстаўнасць абвінавачанняў.

Арсеній Яцэнюк быў прэм’ер-міністрам Украіны ў 2014-2016 гадах. Да гэтага ён быў старшынёй Вярхоўнай Рады ў 2007-2008 гадах, а яшчэ раней займаў пасады міністра эканомікі і міністра замежных справаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі