У Мінску затрымалі былога амапаўца Максіма Клімовіча, паведамляюць праваабаронцы "Вясны". Яго змясцілі ў СІЗА №1 ("Валадарка").
На 40-гадовага Клімовіча пачалі справу за ўдзел у акцыях пратэсту 9-11 жніўня 2020 года каля Стэлы.
На пачатку лета 2021-га мужчына пераехаў жыць у Польшчу, але быў вымушаны вярнуцца, а праз некалькі дзён, 17 жніўня, яго затрымалі дома. У яго адбыўся ператрус паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак). Аднак праваабаронцы не ведаюць, ці па гэтым жа артыкуле вінавацяць самога Клімовіча.
Паведамляецца, што з АМАПу мужчына вырашыў звольніцца яшчэ ў 2010 годзе — пасля тагачасных падзеяў на выбарах. Але афіцыйна сысці са службы яму ўдалося толькі ў 2012-м.
Пасля затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКа запісалі "пакаяльнае" відэа з Клімовічам: ён прызнаўся, што 9-11 жніўня 2020-га быў у счэпцы "з мэтай супрацьдзеяння супрацоўнікам правапарадку".
У Максіма дома жонка і трое дзяцей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут