Экаактывіст падпаліў 15 кантэйнераў у Мінску

11/11/2021 - 12:15
Смеццевыя кантэйнеры / 1prof.by​

Пракуратура Партызанскага раёна Мінска накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 45-гадовага мінчука, якога абвінавачваюць у падпале 15 смеццевых кантэйнераў і пашкоджанні аўтамабіля, паведамляе ведамства.

Мужчына абвінавачваецца ў знішчэнні чужой маёмасці агульнанебяспечным спосабам (частка 2 артыкула 218 КК). Яму пагражае да 5 гадоў абмежавання волі альбо ад 3 да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Паводле версіі следства, мужчына падпаліў 15 смеццевых кантэйнераў, таксама агнём быў пашкоджаны аўтамабіль, які стаяў паблізу. Агульная сума шкоды склала 6,7 тысячы рублёў.

Пракуратура сцвярджае, што мінчук прызнаў віну. Ён патлумачыў, што па начах займаўся зборам другаснай сыравіны і бутэлек на смеццевых пляцоўках. Мужчыну абурыла, што людзі грэбуюць раздзельным зборам смецця, таму ён падпаліў кантэйнеры.

Ведамства пакінула без зменаў меру стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі