ЕГУ: Уступная кампанія пачынаецца. Гаворкі пра закрыццё ўніверсітэта не вядзецца

12/05/2016 - 15:54

Скандынаўскія краіны спыняюць фінансаванне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Пра гэта заяўляе Паўночны савет — савет міністраў замежных спраў краін Скандынавіі і Балтыі.

Афіцыйна паведамляецца, што такое рашэнне было прынятае з прычыны рэструктурызацыі бюджэту, каб вызваліць сродкі для працы па інтэграцыі бежанцаў і мігрантаў. Падкрэсліваецца, што рашэнне грунтуецца па выніках працэсу, у якім прадметам абмеркавання былі роля і стратэгія ЕГУ.

Прэзідэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Дзяніс Кучынскі кажа, што гэтая сітуацыя моцна паўплывае на фінансавы стан універсітэта, і цяпер стаіць пытанне, ці зможа ўстанова атрымаць дадатковыя грошы з іншых крыніц, напрыклад, ад Еўракамісіі. Далейшы лёс універсітэта будзе вырашацца на пасяджэнні кіраўнічай рады ЕГУ ў чэрвені.

“Пра тое, што спыніцца фінансаванне ад паўночных краін, было вядома і раней. Таму гэтую сітуацыю прадугледжвалі. На тых студэнтаў, якія цяпер вучацца, і тых, якія яшчэ будуць паступаць, ужо прадугледжаная пэўная фінансавая падтрымка”, — кажа Кучынскі.

На думку прэзідэнта студэнцкага прадстаўніцтва, такая сітуацыя склалася з некалькіх прычынаў. Па-першае, праз знешнія акалічнасці: пэўны крызіс у Еўрасаюзе, сітуацыя з уцекачамі. Другая прычына — непразрыстая і нездавальняючая для донараў сітуацыя з кіраўніцтвам універсітэта, пачынаючы ад структуры і працы кіраўнічай рады і да рэктарскага пытання.

“Каб захаваць універсітэт у працоўным стане, патрэбныя вялікія змены ў кіраўніцтве, але таксама трэба і аднаўляць пэўны давер, у тым ліку сярод донараў”, — мяркуе Кучынскі.

Ён супакойвае, што “на дадзены момант ЕГУ не закрываецца”, але яго далейшы лёс будзе вырашацца ў чэрвені.

Культуролаг, былы выкладчык ЕГУ Максім Жбанкоў выказвае меркаванне, што фінансаванне паўночнымі краінамі было спыненае не таму, што грошы былі перанакіраваныя на барацьбу з уцякацкім крызісам, а таму, што ва ўніверсітэце цяпер сістэмны крызіс.

“Гэта лагічныя вынікі той топ-менеджарскай бездапаможнасці, якую кіраўніцтва дэманстравала цягам апошніх гадоў. І ў гэтым плане дзіўна, што гэта не адбылося раней”, — кажа Жбанкоў.

У аддзеле набору абітурыентаў універсітэта паведамляюць, што ўступная кампанія на новы навучальны год пачынаецца ўжо 13 траўня.

“Усё добра. Набор адкрыты. Людзі на праграмы будуць набірацца. І гаворкі пра закрыццё праграмы ці закрыццё ўніверсітэта зусім не вядзецца”.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт (ЕГУ) — прыватны, некамерцыйны ўніверсітэт, заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. У 2004 годзе пасля закрыцця ў Беларусі ЕГУ працягнуў сваю дзейнасць у Вільні. Установа існуе за кошт міжнародных грантаў і прапануе магчымасць атрымаць бакалаўрскую, магістарскую і доктарскую ступені ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук. Па стане на 1 кастрычніка 2015 года колькасць студэнтаў складала каля 1100 чалавек, 95% з якіх — грамадзяне Беларусі. Мовы выкладання – беларуская і руская, некаторыя курсы чытаюцца на англійскай, нямецкай і іншых мовах. ЕГУ займае 2-е месца ў рэйтынгу прыватных універсітэтаў Літвы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі