Эдвард Сноўдэн / Reuters
Прымусовая пасадка самалётаў выклікае абурэнне незалежна ад таго, пад чыім сцягам гэта здзейснена, напісаў у Twitter былы супрацоўнік ЦРУ Эдвард Сноўдэн.
Праз яго ў 2013 годзе ў Вене вымушаны быў здзейсніць незапланаваную пасадку самалёт прэзідэнта Балівіі. На борце шукалі Сноўдэна, але яго там не аказалася.
"Пасадка самалёта для арышту дысідэнтаў заўсёды выклікае абурэнне", — напісаў Сноўдэн.
Паводле яго слоў, такія дзеянні можна трактаваць як практыкаваную за Джорджам Бушам "надзвычайную выдачу", а на самай справе "міжнароднага выкрадання прадстаўнікамі дзяржструктур".
"Супраць гэтага трэба выступаць незалежна ад таго, пад якім сцягам гэта адбываецца", — мяркуе Сноўдэн.
Беларускія праўладныя тэлеграм-каналы, тлумачачы пасадку самалёта Ryanair і арышт журналіста Рамана Пратасевіча, успаміналі эпізод са Сноўдэнам. Тым не менш сам Сноўдэн выказаўся катэгарычна супраць такіх метадаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут