19 студзеня ў Ленінскае РУУС Мінска звярнулася жыхарка Мінскай вобласці, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.
Жанчына распавяла, што ў гандлёвым цэнтры па вуліцы Дзянісаўскай згубіла 6100 долараў. Грошы выпалі ў яе з сумкі, калі жанчына купляла гарнітуру для тэлефона. Знікненне грошай яна выявіла пазней — калі пайшла ў кавярню ў гандлёвым цэнтры.
Міліцыянты высветлілі, што грошы знайшлі дзве непаўналетнія мінчанкі. Нечаканую знаходку яны падзялілі паміж сабой. Адна паспела частку грошай патраціць на мабільны тэлефон і вопратку, а другая нічога не паспела патраціць.
Цяпер па гэтым факце праводзіцца праверка. Дзеянням непаўналетніх дадуць прававую ацэнку.
Міліцыянты забралі грошы, цяпер яны знаходзяцца ў Ленінскім РУУС Мінска. Бліжэйшым часам грошы будуць вернутыя ўладальніцы.