Дзмітрый Паўлічэнка згадаў пра "ліквідацыю баз" "Белага легіёна"

02/04/2018 - 14:42

Палкоўнік запасу, кіраўнік Беларускай асацыяцыі ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння войскаў МУС Дзмітрый Паўлічэнка даў інтэрв'ю часопісу "Спецназ" (нумар за сакавік-красавік 2018-га) пра сваю службу ва ўнутраных войсках. Ён быў камандзірам роты спецыяльнага прызначэння, начальнікам разведкі ўнутраных войскаў, удзельнічаў у стварэнні спецатрада хуткага рэагавання і быў яго першым камандзірам, камандаваў 3-й асобнай брыгадай спецыяльнага прызначэння.

У інтэрв'ю Паўлічэнка згадаў пра стварэнне ў 1998 годзе роты разведкі спецыяльнага прызначэння в/ч 3214. Яе першым камандзірам быў Дзмітрый Мікша. Роту выкарыстоўвалі для пошуку і затрымання злачынцаў, "чорных капальнікаў", вызвалення закладнікаў, але не толькі.

"Займалася падраздзяленне і вышукам, ліквідацыяй баз РНЕ [Рускага нацыянальнага адзінства], "Белага легіёна", "Беларускай партыі свабоды", — распавядае Дзмітрый Паўлічэнка. — Экстрэмісты, якія спрабавалі дэстабілізаваць сітуацыю ў краіне, стваралі летнія лагеры, дзе вучылі моладзь спосабам супрацьстаяння супрацоўнікам міліцыі, рыхтавалі да нападаў на праваахоўнікаў".

Аднак у чым заключалася "ліквідацыя лагераў" ротай разведкі ўнутраных войскаў Паўлічэнка не ўдакладніў.

Як вядома, Дзмітрый Паўлічэнка дагэтуль знаходзіцца ў "чорным спісе" Еўрасаюза. Яго падазраюць у дачыненні да палітычных знікненняў, якія адбыліся ў Беларусі ў 1999-2000 гадах.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі