Дэфолт можа накрыць Беларусь праз два месяцы, але самае дрэннае ўжо пачалося

10/03/2022 - 12:25
Наўрад ці Пуцін зможа дапамагчы Лукашэнку. У Расіі таксама дэфолт на парозе / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

На найбліжэйшыя месяцы ў Беларусі ёсць рэзервы для пагашэння даўгоў, а потым можа адбыцца дэфолт. Пры гэтым жыццё беларусаў не надта зменіцца, паколькі ўсё, што звычайна адбываецца пасля дэфолту, накрывае краіну цяпер.

Еўрарадыё даведалася ў экспертаў, калі можа здарыцца банкруцтва Беларусі, чым яно небяспечнае, чаму ёсць рэчы, ад якіх беларусы пацерпяць нашмат мацней. І як краіне пазбегнуць рэпарацый у будучыні.

 

Плаціць па даўгах можна яшчэ два месяцы

Крыніц валютнай выручкі практычна няма / pexels.com

Беларусь і Расія блізкія да дэфолту, мяркуе Сусветны банк. У Беларусі запасу трываласці хопіць на найбліжэйшыя два месяцы, кажа старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

— Па маіх прыкідках, у сакавіку-красавіку каля 350 мільёнаў долараў неабходна пагасіць. Гэтыя сродкі знойдуцца. Магчыма, будуць нейкія пераафармленні даўгоў перад Расіяй і ЕФСР [Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця. — Еўрарадыё]. Магчыма, будуць растэрміноўкі і гэта фармальна не будзе класіфікавана як дэфолт.

Далей не праглядаецца крыніц, дзе Беларусь магла б знайсці сродкі.

— Урад у найбліжэйшыя тыдні сутыкнецца з памяншэннем валютнай выручкі экспарцёраў, — расказвае каманда эканомікі НАУ. — Прычыны — памяншэнне пралазаў у санкцыйным рэжыме, удар па новых галінах (дрэваапрацоўка і сталь), закрыццё ўкраінскага калідора рэалізацыі і кантрабанды нафтапрадуктаў, пашырэнне байкоту нават на такія галіны, як IT.

Наколькі хутка наступіць дэфолт, залежыць ад таго, як Нацбанк будзе распараджацца рэзервамі і ці зможа Беларусь перанакіраваць выпадальны экспарт. Калі Нацбанк стане падтрымліваць курс рубля, прадаючы валюту, то скончацца сродкі нашмат хутчэй.

Нацыянальны банк / Еўрарадыё

Што да гандлю, то экспартаваць цяпер рэальна хіба што ў Расію. Сітуацыя там таксама дрэнная і дастаткова сваіх вытворчасцяў, таму беларускія тавары наўрад ці будуць запатрабаваныя.

Акрамя таго, Нацбанку пагражаюць санкцыі па замарозцы замежных актываў. Тады распараджацца імі стане немагчыма.

 

Усё дрэннае адбываецца і без дэфолту

Пакуль рэакцыя ўладаў падобная да самазаспакойвання, таму адмаўляцца ад выплат па даўгах у найбліжэйшыя месяцы яны наўрад ці стануць, лічыць Дзмітрый Крук.

— Складваецца ўражанне, што ва ўладаў няма разумення, што сітуацыя перавярнулася з ног на галаву, як у палітыцы, так і ў эканоміцы. Рэакцыя блізкая да таго, што было ў перыяд пачатку кавіду альбо ў папярэднія крызісы: праносіла заўсёды, пранясе і гэтым разам. Але вельмі высокая імавернасць таго, што дэфолт адбудзецца ў перыяд з траўня 2022 года да лютага 2023 года.

Чарга ў абменнік у Мінску / Еўрарадыё

Як будуць ісці справы ў эканоміцы, сцэнароў шмат. Тым больш дакладна ацаніць нават бягучы стан немагчыма: частка статыстыкі схаваная або публікуецца са спазненнем. На думку Дзмітрыя Крука, спад у найбліжэйшыя месяцы можа дасягнуць 10% ВУП, а магчыма, і больш.

— Гэта надзвычай балюча. У нас у найноўшай гісторыі самы вялікі спад быў у 2015–2016 гадах. Эканоміка сціснулася прыкладна на 7%. Прычым гэта адбывалася паступова на працягу паўтара гадоў.

Жыхары Марыупаля / Яўген Малалетка, Associated Press

Праз тое, што Лукашэнка падтрымаў Пуціна ў вайне супраць Украіны, Беларусь не толькі можа страціць частку падтрымкі ў будучыні, але і сама завінаваціцца Украіне.

— У адпаведнасці з базавымі нормамі міжнароднага права Беларусь ёсць саўдзельнік агрэсіі. Відавочна, што без падачы тэрыторыі напад у бягучым выглядзе на Кіеў, напрыклад, быў бы немагчымы. Справа аб кампенсацыі шкоды, хутчэй за ўсё, будзе ў якім-небудзь міжнародным судзе. У выпадку выйгрышу Украіна зможа атрымаць належнае ў прымусовым парадку з уласнасці Беларусі за мяжой, калі гэтых сродкаў хопіць, — адзначаюць у НАУ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі